Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Сівы сусветны рэкорд пабіты сынам чэмпіёна АГ – той шмат супернічаў з беларусам, які свайго сына страціў у тэракце

Сівы сусветны рэкорд пабіты сынам чэмпіёна АГ – той шмат супернічаў з беларусам, які свайго сына страціў у тэракце

Васіль Капцюх трэнуе, але падапечным да яго вельмі далёка.

Аўтар — bytribuna com
19 красавіка, 15:30
Сівы сусветны рэкорд пабіты сынам чэмпіёна АГ – той шмат супернічаў з беларусам, які свайго сына страціў у тэракце

У сусветнай лёгкай атлетыцы поўна вельмі старых рэкордаў – хтосьці тлумачыць гэта мацнейшымі пакаленнямі, а хтосьці тым, што сёння значна лепей выяўляюць допінг. Вось, напрыклад, была каламутная гісторыя з Юргенам Шультам з ГДР, які ў 1986 году на адным з дамашніх турніраў кінуў дыск на 74,08 метра. У 1990-х расследавальнікі пачалі заяўляць, што ў яго спортклубе масава прымалі стэроіды – сам Шульт гэта так люта адмаўляў, што нават трапіў на штраф (таму што заявіў, што наогул не чуў пра рэчыва пад назвай турынабол, хоць ужо не чуць пра яго было немагчыма). Свой небывалы кідок Шульт тлумачыў унікальным пападаннем дыска ў парыў ветра.

Амаль 40 гадоў Шульт заставаўся адзіным у свеце дыскаболам з кідком за 74 метры. Наблізіцца да яго мацней за іншых у 2000-м змог літовец Віргіліус Алекна – у Каўнасе ён паслаў снарад на 73,88 метра. Але 14 красавіка 2024-га здарылася сапраўдная сенсацыя – найстарэйшы ў мужчынскай лёгкай атлетыцы сусветны рэкорд паў. На не самых топавых спаборніцтвах у амерыканскім штаце Аклахома раптам усталявалася ідэальнае надворʼе для кідальнікаў, што дало агульны вельмі высокі ўзровень вынікаў – а адзін з атлетаў выдаў шэсць з шасці кідкоў за гросмайстарскія 70 метраў, адным з якіх паслаў дыск на адлегласць 74,35 (спачатку ўручную намералі нават 74,41, але потым паправіліся).

Гэтага спартсмена клічуць Мікалас Алекна – так, на трэцяе месца ў сусветнай гісторыі ён пасунуў уласнага бацьку. Палёт дыска пры новым рэкордзе знялі толькі на аматарскія камеры з-за спіны атлета – Шульт, віншуючы таго, хто яго перасягнуў, назваў спробу «невідовішчнай, як і належыць найлепшым кідкам».

Мікаласу Алекне толькі 21 год – а ён ужо чэмпіён Еўропы-2022, уладальнік срэбра ЧС-2022 і бронзы ЧС-2023 і, вядома, сёння галоўны фаварыт Алімпіяды-2024. Калі ў Парыжы атрымаецца, папоўніцца і сямейная скарбонка – Віргіліус Алекна двойчы алімпійскі чэмпіён (2000, 2004) і бронзавы прызёр (2008). Хоць першы яго медаль мог быць здабыты яшчэ ў 1996-м – Алекна стаў другім у кваліфікацыі, а пасля дзвюх спроб у фінале ішоў трэцім, саступаючы Энтані Вашынгтону з ЗША і Уладзіміру Дуброўшчыку з Беларусі. Але ў трэцюю спробу абагнаў Алекну і Васіль Капцюх – яшчэ адзін беларускі кідальнік, які кваліфікацыю прайшоў з апошняга заліковага месца. Алекна выправіць сітуацыю не змог, а ў пятай спробе алімпійскі рэкорд 69,40 метра паставіў немец Ларс Рыдэль. Дуброўшчык застаўся са срэбрам, а Капцюх – з бронзай.

У 2000-м атрымалася наадварот – ужо Капцюх губляў праз суперніка. Пасля чатырох спроб алімпійскага фіналу беларускі дыскабол з асабістым рэкордам у 67,59 метра ішоў трэцім услед за Рыдэлем і Францам Кругерам з ПАР. Але тут Алекна кінуў на 68,73, а ў пятай спробе палепшыў да 69,30 – і забраў золата. Капцюх сябе не перасягнуў і застаўся чацвёртым.

На тых жа пазіцыях беларускі і літоўскі спартсмены запісаныя па выніках АГ-2004, але там Алекна адразу кінуў на 69,89, а Капцюх ужо на першай спробе вылецеў з топ-3 і так і не змог вярнуцца. На месцы пераможцам быў абʼяўлены вугорац Роберт Фазекаш, але ён адмовіўся выканаць правілы здачы допінг-тэсту пасля фіналу – за гэта яго тут жа дыскваліфікавалі, і чэмпіёнам стаў Алекна, якому адышоў і алімпійскі рэкорд. А на адным пʼедэстале літоўскі і беларускі лёгкаатлеты стаялі на ЧС у 2003-м – Алекна ўзяў золата, а Капцюх бронзу.

Капцюх, які зʼявіўся на свет амаль на пяць гадоў раней за Алекну, перастаў выступаць у 2006-м і праз некаторы час перайшоў на трэнерскую працу – ужо на ёй, толькі ў 2010-м яму спадобіліся зладзіць праводзіны. У тым жа годзе сыну Капцюха Раману споўнілася 20 гадоў, і бацька ў інтэрвʼю дзяліўся: «Як ні спрабаваў прывіць яму любоў да лёгкай атлетыкі і кіданняў, нічога не атрымалася. Ён вучыцца ў гандлёвым каледжы. Хочацца, каб усё ў яго было добра».

На жаль, так не атрымалася. 11 красавіка 2011-га Раман Капцюх, расчараваны ў сферы гандлю, ехаў забіраць дакументы з каледжа – у мінскім метро, дзе ў гэты момант адбыўся выбух. Гранітны асколак трапіў проста ў сэрца Капцюху-малодшаму – і той загінуў на месцы. Наогул пры тым тэракце загінула 15 чалавек, а пацярпела больш за 400.

«Абвінавачаных» знайшлі за суткі – простых працоўных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. На Канавалава «павесілі» заадно ледзь не ўсе выбухі за гісторыю – то бок дэ-юрэ распісаліся, што «сілавікі» рэжыму гадамі не маглі прадухіліць новую небяспеку, якая зыходзіла ад аднаго чалавека. Менш чым праз год пасля затрымання Канавалава і Кавалёва расстралялі, назваўшы вінаватымі па ўсіх артыкулах – вельмі хутка для «крымінальнай справы» на 550 тамоў. Ды і ва ўсім працэсе было мноства несустыковак, якія рэжым, вядома, «не заўважыў». А выбух адбыўся праз некалькі месяцаў пасля фальсіфікацыі чарговых «выбараў» і сілавога разгону пратэстаў, у той момант, калі ў Беларусі разгараўся магутны фінансавы крызіс – і ўвага насельніцтва вельмі дарэчы для рэжыму пераключылася на трагедыю.

Смерць сына разгарнула жыццё Капцюха. Праз пяць гадоў экс-кідальнік прызнаваўся: «Дагэтуль не магу зразумець, як можна было сярод белага дня пранесці бомбу ў метро. Жыць паўнавартасна без сына не навучыўся. Калі б яго ў Мінску пахавалі, я бы там на ягонай магіле і палёг бы. Ведаю, што жыць трэба, а як жыць – не ведаю. Да гэтага часу бываюць думкі, навошта я прачнуўся. Добра, што ў мяне ёсць мая трэнерская праца. Калі мае вучні паказваюць вынік, я радуюся. Але дэпрэсія мяне суправаджае ўвесь час. Людзі вакол працягваюць жыць, смяяцца. Я ўжо так не магу».

Васіль Капцюх з «Ромкіным роварам», на якім стаў ездзіць на працу пасля смерці сына

Больш свежых інтэрвʼю пра сябе ад Капцюха не знаходзіцца. Вядома, што 56-гадовы экс-кідальнік у 2020-м аказаўся сярод падпісантаў за Лукашэнку, а цяпер працягвае працаваць трэнерам у РЦАП па лёгкай атлетыцы. Сярод яго падапечных – наймацнейшыя па выніках ЧБ-2023 дыскаболы краіны Уладзіслаў Пучко (22 гады, бронзавы прызёр ЧЕ U-20 у 2021-м) і Глеб Жук (26 гадоў, браў бронзу ЧС U-20 у 2016-м і срэбра ЧЕ U-20 у 2017-м). Але на дарослым узроўні поспехі гэтых кідальнікаў вельмі сціплыя. Жук мае асабістае дасягненне ўсяго 60,98 метра. Асабісты рэкорд Пучко – 62,78 метра ў 2023-м. Далей у тым годзе кідаў 61 чалавек у свеце, а алімпійскі нарматыў складае 67,20 метра – да яго ніхто з беларускіх спартсменаў не падабраўся і блізка. А яшчэ Пучко па невядомых прычынах не быў уключаны ў «спісачны склад» зборнай Беларусі на 2024-ы.

У Капцюха ёсць дачка Алена, якая нарадзілася ў 2008-м. У 2017-м яна ўдзельнічала ў стартах БФЛА для дзяцей лёгкаатлетаў, але пра яе поспехі ў спорце нічога не чуваць. А вось усе трое дзяцей Віргіліуса Алекны сталі лёгкаатлетамі: 15-гадовая дачка Габрыэле Алекнайтэ спрабуе сябе ў мнагаборстве, а два сыны сталі кідальнікамі дыска. Бацька кажа, што не прымушаў дзяцей да спорту, але шмат размаўляў з імі пра гэта. Цяперашні рэкардсмен Мікалас Алекна ў дзяцінстве пачынаў з футбола, але яго нага вымахала да 49-га памеру – такіх буцаў не аказалася, і бацька прапанаваў яму ўсё ж такі кідаць дыск. Па словах Віргіліуса Алекны, сын пагадзіўся паспрабаваць – а далей яму самому спадабалася. А вось з яго старэйшым братам Марцінасам было цікавей.

– Марцінас не асабліва хацеў займацца спортам. Ён паспрабаваў, але праграмаванне было яму бліжэй. Але для гэтага яму патрэбная была дарагая тэхніка. Тады мы склалі дамову на тры гады: ён атрымлівае тэхніку, але наведвае пяць трэнінгаў на тыдзень і ўрокі гітары, а таксама трымае пэўны сярэдні бал у школе. За ўвесь тэрмін Марцінас ні разу не парушыў кантракт. Але ў яго зʼявіліся вынікі ў спорце, і яму ўжо не хацелася сыходзіць. Ці можна гэта назваць дзіцячай траўмай? Не ведаю. Ён сам падпісаў кантракт, – распавядаў Віргіліус Алекна.

23-гадовы Марцінас Алекна кідае не так далёка, як брат, але цалкам прыстойна – у 2023-м паслаў дыск на 67,23 метра, праўда, не ў заліковы для адбору на АГ перыяд. Зрэшты, пара ўдалых выступаў да лета – і гэты Алекна трапіць на Гульні па сусветным рэйтынгу.

Віргіліус Алекна не трэнаваў сваіх дзяцей – толькі часам даваў некаторыя парады. Працуе ён не ў спорце – кажа, што ніколі не абмяжоўваў свой кругагляд толькі кіданнямі. Пасля карʼеры Алекна пайшоў у палітыку – уступіў у партыю «Рух лібералаў» і ад яе з 2016-га ўваходзіць у парламент Літвы, дабіўшыся поспеху на выбарах ужо двойчы. Экс-кідальнік працуе ў камітэце па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы.

Віргіліус (злева) і Мікалас Алекна

За апошнія два гады дэпутат некалькі разоў праводзіў дабрачынныя аўкцыёны ў падтрымку Украіны, да якіх далучаўся і Мікалас Алекна. А ў сакавіку 2023-га Віргіліус Алекна заяўляў, што, паводле яго пераканання, ніводны беларускі і расійскі спартсмен не павінен быць дапушчаны да Гульняў падчас вайны ва Украіне, таму што «нават пры выступе пад нейтральным сцягам крымінальныя рэжымы краін-агрэсараў будуць выкарыстоўваць медалі Гульняў для прапаганды вайны і нянавісці».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты