Усе навіны

Леўчанка адказала Краўчанку: «Дзіўна, калі крытыкуеш паводзіны калегаў, якія жадаюць празрыстасці і праўды»

3 кастрычніка, 14:58

Былая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка адказала на выказванне лёгкаатлета Андрэя Краўчанкі пра канфлікт паміж Аляксандрам Апейкіным і Аляксандрай Герасіменяй.

«Што тычыцца закрыцця Sos.by, то ніякіх абвінавачванняў у бок Апейкіна не было. Проста Sos.by стаў выкарыстоўвацца фондам, як інструмент для сваіх мэт, якія як мы бачым не празрыстыя.

Дзіўна, калі крытыкуеш паводзіны калег, якія жадаюць празрыстасці і праўды. А ці не таму мы выказаліся і выходзілі ў 2020 годзе? Або мы вярнуліся да таго: «маўчы, не высоўвайся, гэтая справа не ваша?» Гэта як быць у аб’юзіўных адносінах і рабіць выгляд, што ты шчаслівы.

Што насамрэч агідна – гэта калі адзін чалавек вырашае, што ён «Бог». Любая дапамога, пра якую ты кажаш (Краўчанка падзякаваў Апейкіну за дапамогу – заўв.), была аказана і табе, і мне, і Сцяпану [Папову], і многім спартсменам, не была зроблена адным чалавекам. Мы ўсе туды ўнеслі вялікі ўклад, каб гэтая дапамога была. І таму мы заслугоўваем празрыстасці.

І апошняе, калі ты змагаешся супраць зла важная салідарнасць. Калі крыўдзяць твайго сябра ці калегу незаслужана – важная салідарнасць. Ты сам, як ніхто гэта ведаеш.

Мы, хто выказаўся апошнія пару дзён, не для таго, каб памнажаць злосць і крыўду. Не таму што ў мінулым у кагосьці не хапіла сілы нас абараніць, а таму што мы самі можам абараніць каго заўгодна.

Мы не выступаем супраць, мы выступаем за. Выступаючы ў абарону адзін аднаго, мы не толькі падтрымліваем сваю супольнасць, мы паказваем «як трэба». І так, тым самым натхняем людзей на гэтае «як трэба», паказваючы прыкладам, што значыць быць згуртаванымі і не даем гэтаму злу нас падзяліць. Калі нехта думае, што вы ўбачылі падзел і слабасць, то хачу вас засмуціць. Вы ўбачылі сілу і салідарнасць. І зараз для сотняў тысяч беларусаў, якія страцілі надзею на згуртаванасць і салідарнасць, гэта вельмі важна.

Лепшая зброя – гэта праўда. Не бойцеся праўды, не бойцеся выносіць смецце з хаты – толькі так можна зрабіць вашу хату чыстай. Толькі так мы навучымся будаваць сваю будучыню. І мы абавязкова пабудуем нашую новую Беларусь», – напісала Леўчанка.