Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/Як займаюцца спортам за кратамі: прэс і падцягванні на шконках, соль як снарад, пагрозы карцарам

Як займаюцца спортам за кратамі: прэс і падцягванні на шконках, соль як снарад, пагрозы карцарам

У калоніях ёсць футбол і трэнажорка, але не для ўсіх.

Аўтар — bytribuna com
28 сакавіка 2023, 19:30
Як займаюцца спортам за кратамі: прэс і падцягванні на шконках, соль як снарад, пагрозы карцарам

Тысячам людзей, якіх рэжым Лукашэнкі ў розны час кінуў за краты за нязгоду з фальшывымі выбарамі і беспакараным гвалтам, даводзіцца вырашаць складаную задачу - не страціць сябе ў зняволенні. Дапамагае ў тым ліку спорт - людзі падтрымліваюць сябе ў форме, займаюць час і проста пераключаюцца маральна. За апошнія месяцы былыя палітвязні не раз дзяліліся сваім спартовым досведам. Вось якім ён атрымліваецца ў сціснутых умовах беларускіх месцаў пазбаўлення волі.

Пры "камерным рэжыме" (а гэта СІЗА, турмы і штрафны ізалятар у калоніях) магчымасці для заняткаў спортам вельмі абмежаваныя. Пры гэтым за іх яшчэ могуць і пакараць. Да таго ж для заняткаў непасрэдна ў камерах даводзіцца дамаўляцца з навакольнымі, інакш магчымыя канфлікты.

Самая простая фізічная актыўнасць - хада і бег, аднак для іх звычайна вельмі мала месца, у камерах часам няма дзе нават проста стаяць. Хтосьці і ў такіх умовах прымудраецца займацца бегам на месцы, але ўсёткі асноўная частка такой актыўнасці праходзіць на шпацырах ва «дворыках», якія звычайна займаюць ад 5 да 20 квадратных метраў - то-бок перасоўвацца тамака таксама не надта лёгка. А ў СІЗА на Валадарскага ў некаторых панадворках пад нагамі - зямля, па якой у дождж наогул складана рухацца. У іншым выпадку можна пабегаць па коле. Праўда, і гэта цяжка, калі на «шпацыр» у маленькую прастору выводзяць адначасова больш за дзясятак чалавек. Віталь Жук, які правёў каля чатырох месяцаў у СІЗА Баранавічаў, расказваў пра дамову: спачатку ўсе ходзяць па коле па гадзіннікавай стрэлцы, а потым – супраць, бо толькі так усе маглі рухацца адначасова.

З падцягваннямі ў камерах складана. Гімнаст Сямён Букін успамінаў, што пры ягоным затрыманні «на суткі» ў 2020-м у памяшканні для прагулак 5 на 5 метраў аказаўся турнік – але, мяркуючы па іншых гісторыях, гэта вялікая рэдкасць. Астатнія для падцягванняў выкарыстоўваюць "шконкі" (двух'ярусныя ложкі), рызыкуючы тым, што тыя могуць не вытрымаць. Яна Барысовіч, якая правяла больш за тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага, каб пацягнуць спіну, чаплялася нагамі за верхні ярус і вісела галавой уніз. Баец Аляксей Кудзін жа падцягваўся на рашотцы - невялікае акенца з ёй звычайна размяшчаецца якраз пад столлю.

Трэнер па ёзе Іна Шырокая, якая таксама тры з лішнім месяцы знаходзілася ў СІЗА, старалася працягваць звыклы для сябе занятак і ў камерных умовах, прыцягваючы да яго суседак. Аднак некаторыя асаны, якія было няёмка выконваць у падобнай сітуацыі, прыйшлося выключыць з комплексу. На развітанне Шырокая пакінула ў камеры пісьмовую інструкцыю па практыкаваннях. На волі ж у яе ўзніклі праблемы з медытацыямі - зараз яны вяртаюць яе ў няволю.

Прадказальна папулярныя ў камерах нагрузкі, якія можна рабіць проста на падлозе - праўда, мацаваць прэс імкнуцца ўсё ж на шконках, бо інакш будзе моцна балець спіна. Самыя распаўсюджаныя практыкаванні - прысяданні і адцісканні. Прычым не заўсёды іх робяць дзеля спартовай формы: перад допытам ці судом гэта спосаб зладзіць з нервамі, а ў ШІЗА папросту сагрэцца, бо тамака наўмысна не топяць у любую пару года.

Ёсць і іншыя практыкаванні - а іх спіс перадаецца ў камеры ад тых, хто сядзіць раней, да пачаткоўцаў. Журналістка Дар'я Чульцова расказала, што ёй у гэтым плане дапамагло перасячэнне з фітнес-трэнерам у СІЗА і спартсменкай перад судом - яны паказалі некалькі практыкаванняў, напрыклад, прысяданне на адну нагу з выцягваннем другой. Барысовіч называла прыняты ў яе камеры набор "нечым сярэднім паміж аэробікай і танцам". Кудзін выконваў асаблівыя адцісканні - з пляскачом і ўніз галавой ля сцяны. Такімі ж адцісканнямі ў ШІЗА ратаваўся Дзмітрый Фурманаў, які правёў за кратамі больш за год за тое, што збіраў подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

Калі хочацца дадаць да практыкаванняў уцяжэнне, даводзіцца прыдумляць. Галоўная прылада – бутэлька, якую можна напоўніць вадой. Таксама можна купіць пачкі солі і выкарыстоўваць іх як груз. Добра фізічна падрыхтаваныя людзі могуць папрасіць дапамогі ў сукамерніка - Кудзін, напрыклад, прысядаў з чалавекам, які садзіўся яму на плечы.

Аднак за спробу трымаць сябе ў форме ў любы момант могуць пакараць садысты Лукашэнкі ў пагонах, галоўнае задавальненне якіх - яшчэ больш ускладняць жыццё за кратамі. Яны адбіраюць у зняволеных бутэлькі, забараняюць купляць соль і пагражаюць карцарам нават за спробу памыцца пасля нагрузкі. За заняткі спортам могуць і навесіць бірку схільнага да ўцёкаў - фантазія рэжымшчыкаў працуе своеасабліва. Жук успамінаў, што на «каранціне» пры пераводзе ў калонію аднаго чалавека ставілі сачыць, ці не ідзе нехта з супрацоўнікаў, а астатнія здзяйснялі страшэнны грэх - адціскаліся ад лаваў.

У калоніях са спортам прасцей - ёсць пляцоўкі з турнікамі і нават невялікія трэнажорныя залі. Аднак, па-першае, імі можна карыстацца толькі ў пэўны адзін на ўсіх час, праз што на пляцоўках заўседы узнікаюць чэргі (але хаця б можна пабегаць вакол). Па-другое, наведванне залі супрацоўнікі калоній робяць прывілеем для "ўгодных". Палітвязням могуць як адразу забараніць наведванне проста праз статус, так і ціснуць увядзеннем забароны за «не такія» паводзіны на допыце ці адмову падпісваць якія-небудзь дакументы.

У саміх залах ёсць і трэнажоры, і магчымасць "пацягаць жалеза". Чульцова расказвае, што ў гомельскай жаночай калоніі нават быў тэлевізар, на якім можна было ўключаць відэаінструкцыі па практыкаваннях або танцах. Для журналісткі гэта было разгрузкай і адпачынкам ад вялікай колькасці людзей навокал.

Кудзін, які сядзеў у калоніі ў Шклове, кажа, што ў “лагеры” займаўся па амерыканскай кнізе “Трэніровачная зона” – яе аўтар, які называе сябе Пол Уэйд, пад 20 гадоў адсядзеў у розных турмах ЗША. Па словах беларускага байца, праграма, якая робіць упор на практыкаваннях з уласнай вагой, рэальна працуе - ён нават не займаўся з "жалезам", але на 10 кг павялічыў мышачную масу. Прысвячаў фізнагрузкам Кудзін 2-3 гадзіны на дзень. Таксама ён даваў парады, калі пра гэта прасілі іншыя зняволеныя, - напрыклад, па харчаванні і развіццю пэўных груп цягліц. Аднак канкрэтныя прыёмы і ўдары баец нікому не паказваў - каб не пайшлі спрабаваць на сукамерніках.

Практыкуюць у калоніях і гульнявыя віды спорту - футбол, баскетбол і валейбол. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч, які некалькі гадоў правёў у віцебскай калоніі за нібыта падатковыя парушэнні, казаў, што там мелася гумовае пакрыццё на бетоннай аснове пад баскетбол і пясок для валейбола і футбола, а вось асобнае футбольнае поле не дачакалася штучнага газона. Па словах Кныровіча, ён «фактычна кожны дзень праводзіў паўнавартасныя міні-футбольныя матчы», дзякуючы чаму моцна дадаў у фізічнай форме. Чэмпіёнам івацэвіцкай калоніі па футболе і другім бамбардзірам турніру з сямі каманд стаў Аляксандр Івулін - у інтэрв'ю «Трыбуне» ён распавёў, што праз вялікую колькасць спорту ў зняволенні нават схуднеў.

Аднак не ўсе за кратамі займаюцца спортам. Часам прычынай гэтаму асабістая пасіўнасць людзей, якім проста нецікава сябе выпрабоўваць. Але ў выпадку палітвязняў ім нярэдка ствараюць такія ўмовы, што на спорт проста не застаецца сіл - пры некаларыйнай стандартнай ежы забараняюць дакупляць прадукты ў спецыяльнай краме. Жук расказваў, што ў такіх умовах ад спробаў зрабіць найпрасцейшыя практыкаванні яго хіліла ў сон, аналагічная слабасць назіралася і ў яго тамтэйшага знаёмага. Спорт у такім раскладзе можа нават нашкодзіць чалавеку.

Пры падрыхтоўцы тэксту выкарыстаныя матэрыялы “Вясны” і “Медыязоны” і інтэрв'ю Аляксея Кудзіна “Матч ТБ”.

Іншыя пасты блога

Усе пасты