Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/О духе времени/Як школьная знаёмая Латушкі раптам стала чэмпіёнкай свету па сумо, а потым падтрымала дыктатуру

Як школьная знаёмая Латушкі раптам стала чэмпіёнкай свету па сумо, а потым падтрымала дыктатуру

Баялася, што японцы зробяць харакіры.

Аўтар — bytribuna com
15 верасня, 20:00
Як школьная знаёмая Латушкі раптам стала чэмпіёнкай свету па сумо, а потым падтрымала дыктатуру

У свае 25 Вераніка Казлоўская была шматразовай чэмпіёнкай свету і Еўропы па самба, а ў 1995 годзе да гэтых дасягненняў яна далучыла яшчэ адно – выйграла Універсіяду ў японскай Фукуоке па дзюдо, што дало магчымасць застацца ў Японіі для падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па гэтай дысцыпліне. Трэнаванні праходзілі ў інстытуце Кадакан, што ў перакладзе азначае «Дом вывучэння шляху». Гэта кіроўная арганізацыя ў свеце дзюдо, заснаваў яе Дзігора Кано ў канцы 19 стагоддзя – уласна, гэты чалавек і прыдумаў адзінаборства. Інстытут займае ў Токіа дзевяціпавярховы будынак, дзе знаходзяцца сотні татамі для падрыхтоўкі спартсменаў. Многія дзюдаісты ў свеце мараць там займацца.

Вось тады па японскім тэлебачанні Казлоўская і ўбачыла ўпершыню сумо. Зацікавілася, але не думала пра ўдзел у спаборніцтвах. Тым больш жанчын у той час яшчэ не выпускалі на дохе (так называецца круглая пляцоўка для сумо). Чэмпіянат свету па дзюдо беларуска праваліў, не трапіўшы нават у васьмёрку. У памяць пра тую паездку захавалася фота ў традыцыйным японскім кімано.

Але праз чатыры гады сумо нагнала Казлоўскую, а паспрыяў гэтаму калега-самбіст, таксама чэмпіён свету і Еўропы, Эдуард Грамс. У пачатку 90-х савецкі спартсмен пераехаў у Нямеччыну, дзе стаў топавым дзюдаістам. У 1999-м Грамс пачаў зазываць беларусаў на 8-ы чэмпіянат свету па сумо, які ўпершыню ў гісторыі праходзіў не ў Токіа, а ў нямецкай Рызе. На тым турніры ўпершыню ладзіліся жаночыя паядынкі. Дзюдаістцы Казлоўскай было прапанавана ў іх паўдзельнічаць, нягледзячы на поўную адсутнасць вопыту.

Пазней спартсменка расказвала, што ўсяго за гадзіну вывучыла правілы новага для сябе адзінаборства, – і адразу стала пераможцай турніру. У паўфінале яна прайшла тытулаваную і больш цяжкую японку, выкарыстаўшы самбісцкую падсечку. У беларускіх медыя паспяшаліся назваць Казлоўскую чэмпіёнкай свету, хаця да гэтага звання ёсць вялікія пытанні адносна легітымнасці. Афіцыйна сусветныя першынствы сярод жанчын сталі праводзіцца толькі праз два гады, аднак экс-дзюдаістка дакладна нешта выйграла.

Пасля нечаканага трыумфу да Казлоўскай падышоў трэнер з Японіі і пацікавіўся, як даўно яна займаецца сумо. Каб не агаломшыць майстра аповедам пра першую прымерку сумаісцкай экіпіроўкі, якое адбылося літаральна напярэдадні спаборніцтваў, Казлоўская схлусіла, што трэнуецца год.

«І ўсё роўна ён быў уражаны. Каб яго канчаткова не засмуціць, расказала, што ў мяне другі дан па дзюдо, што я – неаднаразовая чэмпіёнка свету па самба, чым канчаткова яго заблытала, таму што пра самба ён наогул не чуў», – успамінала Казлоўская.

«Думаю, калі б сказала праўду [што не займалася сумо], яны б сабе харакіры зрабілі», – у іншым інтэрвʼю дадавала спартсменка.

Поспех наваспечанай сумаісткі прымусіў варушыцца лукашэнкаўскі Мінспорта. Чыноўнікі пасля золата, якое звалілася з неба, узяліся за рэгістрацыю нацыянальнай федэрацыі па сумо, атрымаўшы ў падарунак ад японцаў трэнавальнае дохе і дзясятак камплектаў формы. На міжнародным турніры ў наступным годзе – праходзіў у бразільскім Сан-Паўлу – Казлоўская стала трэцяй.

На першы афіцыйны жаночы ЧС (праходзіў у 2001-м у японскім Ааморы) беларуска ўвогуле магла не адправіцца – моцна захварэў ейны бацька, было не да трэнаванняў. Пасля працяглага пералёту Казлоўская добра адаспалася і пачала змятаць суперніц у катэгорыі звыш за 80 кілаграмаў.

«Мне трэба было выплюхнуць назапашаную энергію, усю сваю злосць на хваробу, якая тату разʼядала, на тое, што мы з сястрой не можам яму дапамагчы… Перамогі даваліся лёгка, але ніякай асабліва бурнай радасці не прыносілі…» – распавядала яна пасля заваявання золата.

Той поспех павысіў пазнавальнасць Казлоўскай. Неўзабаве яна знялася ў эпізадычнай ролі беларуска-расійскага серыялу «Паскораная дапамога», дзе згуляла грозную сумаістку ў серыі «Лекары слязам не вераць».

З таго часу пра нейкія дасягненні спартыўныя Казлоўскай не было чуваць. Праз 10 гадоў яна казала, што ні за якія пернікі не вернецца ў сумо – маўляў, час мінуў. Ды і самога сумо ў Беларусі, здаецца, не засталося – не прыжылася экзотыка на нашай зямлі. Сайта ў Беларускай федэрацыі сумо не існуе, а і без таго малаактыўныя сацсеткі арганізацыі не абнаўляюцца ад студзеня 2020-га. На сайце Мінспорту Лукашэнкі значыцца, што федэрацыю ўзначальвае Мікалай Удод – прадпрымальнік з Ліды. Пра яго намеснікаў (калі яны ўвогуле існуюць) нічога не вядома.

Затое па-за спортам не засталася сама Казлоўская – праўда, яна вярнулася да вытокаў. Цяпер працуе старшым трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па самба, якая перажыла чысткі пасля выбараў-2020, і паралельна займае пасаду першага намесніка старшыні ў профільнай федэрацыі. Арганізацыю ўзначальвае генерал-маёр лукашэнкаўскай так званай міліцыі Аляксандр Кобрусеў. У лістападзе 2017-га сілавік быў адпраўлены на пенсію з пасады намесніка міністра рэжымнага МУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні.

Сама Казлоўская таксама адданая рэжыму – падпісала ліст спартсменаў у падтрымку дыктатуры. Пры гэтым у 1992-м брала еўрапейскае золата па самба пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

Таксама Казлоўская вучылася ў адной школе не толькі з тытулаванай канькабежкай Анжалікай Кацюгай, але і з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам. Мяркуючы па водгуку Кацюгі, Казлоўская была нядрэнна знаёмая з палітыкам. «Калі ён [Латушка] пайшоў па карʼернай лесвіцы ў МЗС, мне самбістка Вераніка Казлоўская казала: «Ведаеш, дзе наш Паша?» Я ў адказ: «Нічога сабе! Во дадаў!» – успамінала Кацюга.

Іншыя пасты блога

Усе пасты