Tribuna/Водныя віды/Блогі/О духе времени/Плыўцоў з Беларусі вярнулі на топ-старты: мусілі выступаць у белым, але не змаглі, вынікі вельмі сціплыя

Плыўцоў з Беларусі вярнулі на топ-старты: мусілі выступаць у белым, але не змаглі, вынікі вельмі сціплыя

Чынушы баяліся правакацый, спартсмены радаваліся вяртанню.

Аўтар — bytribuna com
23 кастрычніка, 15:36
Плыўцоў з Беларусі вярнулі на топ-старты: мусілі выступаць у белым, але не змаглі, вынікі вельмі сціплыя

У пачатку кастрычніка асноўная сусветная арганізацыя ў водных відах спорту – World Aquatics (WA) – зняла адхіленне ад міжнародных стартаў з топавых беларускіх плыўцоў. Пры разглядзе пытання WA адштурхвалася ад некалькіх крытэраў. Напрыклад, спартсменам, якія прэтэндавалі на вяртанне ў топ-спаборніцтвы, забаранялася мець кантракт з узброенымі сіламі Лукашэнкі і іншымі ягонымі сілавымі ведамствамі. Таксама ім не дазваляецца падтрымліваць вайну ва Украіне.

З тых, хто адпавядаў патрабаванням, сфармавалі каманду «Нейтральныя індывідуальныя атлеты». Выступаць ёй дазволена без дзяржаўнага сцяга і гімна ў цалкам белых форме і касцюмах. Яшчэ такім плыўцам нельга размаўляць з прэсай падчас спаборніцтваў. У «нейтральную» каманду змясцілі не толькі беларусаў, але і расіян, якія адпавядалі крытэрам WA.

З беларусаў пад «амністыю» міжнароднай федэрацыі патрапілі чацвёра (па сутнасці, усе найлепшыя спартоўцы краіны) – Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Аднак, нягледзячы на гэта, беларускія функцыянеры і тут знайшлі, на што паскардзіцца. Кіраўніца Беларускай федэрацыі плавання Эла Сяліцкая, напрыклад, гаварыла пра жорсткія крытэры допуску і пра тое, што нехта можа «справакаваць сітуацыю на любых стартах», праз што беларусы могуць «атрымаць адхіленне на старце спаборніцтваў». Аднак засцярогі функцыянера не спраўдзіліся. У мінулыя выхадныя трое прадстаўнікоў Беларусі былі ў Будапешце, дзе ўдзельнічалі ў этапе Кубка свету. Абышлося без правакацый. Шымановіч, Шкурдай і Змушко не пацярпелі.

«Умовы для нас былі высунутыя няпростыя. Гэта першы раз на маёй памяці, калі беларусы будуць стартаваць без гімна і сцяга сваёй краіны. Але, думаю, мы справімся. І на такіх умовах будзем гатовыя адстойваць права спаборнічаць сярод лепшых атлетаў свету», – сказала напярэдадні паездкі ў Венгрыю Шкурдай.

У Будапешце беларусы, нягледзячы на патрабаванне WA, так і не выступілі ў белых строях. Як аказалася, у ліцэнзаваных вытворцаў формы проста няма такіх камплектаў. Таму з белага на беларусах былі толькі байкі, у якіх яны зʼяўляліся перад заплывамі. Шкурдай выступала ў купальніку цёмных тонаў.

Змушко таксама выйшла ў белай байцы і выбрала поўнасцю чорны камплект.

На этапе ў беларусаў медалі бралі толькі дзяўчаты. Падчас вячэрняй нядзельнай праграмы Шкурдай стала другой на 200 м на спіне, саступіўшы чэмпіёнцы Кэйлі Макеан з Аўстраліі амаль пяць секунд. Час беларускай спартоўкі (2:09.67) далёка не найлепшы – у 2023-м яна тройчы была хутчэйшай на спаборніцтвах у Беларусі і Расіі. Два гады таму Шкурдай увогуле праплыла 2:01.51, што па-ранейшаму зʼяўляецца яе асабістым рэкордам на гэтай дыстанцыі. Таксама на рахунку беларускі ў Будапешце чацвёртае месца на 100 м на спіне і 15-ы вынік на 50 м вольным стылем. Вынікі на гэтых дыстанцыях таксама далёкія ад тых, што плыўчыха дэманстравала да міжнароднага бана.

Куды лепей выступіла Змушко, якая заваявала медаль праз 20 хвілін пасля Шкурдай: праплыла 50 м брасам за 30.53, што стала яе найлепшым вынікам у сезоне. Гэтага хапіла на бронзу ў Будапешце. 100-метроўку гэтым жа стылем Змушко праплыла за 1:07.00 – хай і горшы асабісты вынік сезону з чатырох спроб, аднак гэта чацвёртая пазіцыя на КМ.

Паколькі на беларусаў накладзена забарона на зносіны з журналістамі на спаборніцтвах, іх не запрашалі на ўшаноўванне адразу пасля стартаў, якое праходзіць у фармаце флэш-інтэрвʼю. Пасля сваёй бронзы Змушко адправілася ў распранальню, а дзве іншыя прызёркі дзяліліся з вядоўцам уражаннямі ад старту.

Пры гэтым пасля іншых фінішаў выходзілі ўсе медалісты.

Пасля сярэбранага заплыву Шкурдай з журналістам увогуле размаўляла адна Макеан. Справа ў тым, што аўстралійка зʼяўляецца лідарам сусветнага заліку, таму пасля чарговай узнагароды ў Будапешце яе пасадзілі на імправізаваны трон, а на галаву надзелі карону. Таму калі б нават Шкурдай і не знаходзілася ў нейтральным статуце, то ўсё роўна не змагла б удзельнічаць у мерапрыемстве.

Без медалёў з Будапешта вяртаецца Шымановіч, які кажа пра тое, што адчуваў дэфіцыт канкурэнцыі на беларуска-расійскіх стартах. У фінале на 50 м брасам плывец паказаў 27.13, чаго хапіла на пятае месца. У папярэдніх заплывах беларус быў на некалькі сотых хутчэйшы, але гэта далёка не найлепшыя паказнікі Шымановіча ў 2023-м. На двух расійскіх стартах у 2023-м беларус выплываў з 27 секунд.

На сваім другім старце ў Будапешце, на 100-метроўцы брасам, Шымановіч нават не трапіў у фінал, паказаўшы дзявяты час. Пры гэтым спартсмен цалкам задаволены сваім выступам, таму што ён дазволіў адабрацца на катарскі ЧС (запланаваны на люты-2024).

Калі Сяліцкая казала пра магчымыя правакацыі, то Шымановіч, наадварот, расказваў пра тое, што канкурэнты сустрэлі «вельмі цёпла» і распытвалі пра падзеі ў карʼеры. Плывец настолькі засумаваў па міжнародных стартах, што ён перажываў адчуванне, быццам «упершыню ў жыцці знаходзішся на буйным турніры».

Іншыя пасты блога

Усе пасты