Tribuna/Шахматы/Блогі/Шахматыстка згадала палітвязняў Беларусі пры Папе Рымскім – дапамагае грамадзянам, але за жорсткі бан белспорту

Шахматыстка згадала палітвязняў Беларусі пры Папе Рымскім – дапамагае грамадзянам, але за жорсткі бан белспорту

Гросмайстар – кіраўнік парламента.

Аўтар — bytribuna com
14 лістапада, 16:30
Шахматыстка згадала палітвязняў Беларусі пры Папе Рымскім – дапамагае грамадзянам, але за жорсткі бан белспорту

Шахматны гросмайстар, расказваючы пра размову з Папам Рымскім, згадвае беларускіх палітвязняў. Гучыць незвычайна, але гэта праўдзівая навіна – 13 лістапада ўладальніца спартыўнага звання Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн апісала ў сваім Facebook візіт да кіраўніка каталіцкай царквы Францішка: «Які важны ўплыў аказваюць словы Папы на народы, якія імкнуцца да свабоды і абараняюць дэмакратыю, літоўцы ведаюць па сабе. Сёння ў гэтых словах і падтрымцы маюць вострую патрэбу ўкраінцы і палітвязні ў Беларусі».

Праўда, літоўка патрапіла на аўдыенцыю да Францыска не як спартоўка. У 2015-м яна фактычна скончыла карʼеру ў шахматах і пачала ў палітыцы. На той момант у яе было шмат дасягненняў у спорце. Узяць хаця б той факт, што яна была адзіным у Літве гросмайстрам сярод жанчын па мужчынскіх крытэрыях. А ў 2000-м і 2005-м Чмілітэ абгульвала ўсіх мужчын і забірала тытул на чэмпіянатах Літвы. На міжнародным узроўні ў яе скарбонцы шмат медалёў з жаночых ЧЕ (пры перамозе ў 2011-м) і бронза ЧС-2006. А ёсць і беларускія поспехі – у 2001-м у Мінску ўзяла срэбныя медалі жаночага ЧЕ па рапіду і бліцу ў абодвух варыянтах шахматнай гульні.

Свой пераход у палітыку Чмілітэ-Нільсэн (у 2013-м выйшла замуж за дацкага гросмайстра Петэра Нільсэна) называла «не спантанным і цалкам натуральным» для яе выбарам, а рашэнне далучыцца да ліберальнай партыі наканаваным з юных гадоў, калі яна «заразілася ідэямі свабоды». На літоўскай палітычнай дошцы жанчына хутка стала заўважнай фігурай. З 2015-га яна застаецца дэпутатам літоўскага парламента – Сейма, у 2019-м выйграла выбары старшыні сваёй партыі, а ў 2020-м кааліцыя лібералаў, лібертарыянцаў і хрысціянскіх дэмакратаў узяла большасць месцаў у парламенце. Пасля гэтага Чмілітэ-Нільсэн стала ягонай старшынёй – спікерам Сейма (дарэчы, а вы можаце адразу сказаць, хто руліць лукашэнкаўскім парламентам?).

Уся дзейнасць шахматысткі на гэтай пасадзе прыпадае на перыяд пасля беларускіх прэзідэнцкіх выбараў-2020 – і Чмілітэ-Нільсэн паслядоўна падтрымлівае народны бок. У тым ліку дзякуючы ейным намаганням Літва не ўвяла да беларусаў такія ж жорсткія санкцыі, як да расіян у адказ на вайну ва Украіне. Вікторыя ў публічных выступах настойвала на тым, каб «правесці выразную рысу» паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі.

А вось у пытанні беларускага спорту Чмілітэ-Нільсэн займае жорсткую пазіцыю. У студзені 2023-га яна заявіла, што «нават пад нейтральным сцягам для беларускіх і расійскіх спартсменаў не павінна быць дарог на найважнейшыя спартыўныя форумы». А ў сакавіку Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю аб забароне ўдзелу расіян і беларусаў у АГ-2024 – і Вікторыя зноў сказала, што «для прадстаўнікоў краін-агрэсараў не можа быць і нейтральнага сцяга, пакуль ідзе жорсткая вайна Расіі ва Украіне».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты