Tribuna/Футбол/Блогі/Адэсіт назваў Расію «сяброўскай» краінай у дзень, калі тая ізноў абстраляла яго Радзіму: жыве ў Беларусі і хваліць Лукашэнку

Адэсіт назваў Расію «сяброўскай» краінай у дзень, калі тая ізноў абстраляла яго Радзіму: жыве ў Беларусі і хваліць Лукашэнку

Украінцы яму не падабаліся «нацыяналізмам», а расіяне – нахабствам.

Аўтар — bytribuna com
26 сакавіка, 12:09
1
Адэсіт назваў Расію «сяброўскай» краінай у дзень, калі тая ізноў абстраляла яго Радзіму: жыве ў Беларусі і хваліць Лукашэнку

«Нам цяпер трэба гуляць з усімі сяброўскімі краінамі, ніякіх праблем. Цяпер сітуацыя адэкватная, ідзе ачышчэнне», – так былы футбаліст Іван Жэкю выказаўся пра таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Расеі, які мусіць адбыцца 8 чэрвеня 2024-га на мінскім стадыёне «Дынама».

Жэкю быў галкіперам, тры сезоны адгуляў за мінскае «Дынама» ў чэмпіянаце СССР – адносна невялікі адрэзак, але менавіта ў Беларусі футбаліст вырашыў жыць пасля таго, як завяршыў карʼеру. Сам ён нарадзіўся ва Украіне – у горадзе Бяляеўка, што ўсяго ў 40 кіламетрах ад Адэсы.

Рэпліка Жэкю пра спарынг зʼявілася на сайце тэлеканала «Беларусь 5» (уваходзіць у рэжымны прапагандысцкі тэлехолдынг) 25 сакавіка. Якраз у гэты дзень «дружалюбная» Расія нанесла чарговы ўдар па Адэсе. На гэты раз пацярпеў Палац спорту, у якім дамашнія матчы прымае хакейны «Днепро» з Херсона.

Адэса рэгулярна пакутуе ад налётаў расійскіх ракет і ўдарных дронаў. 2 сакавіка пасля траплення ў жылы дом загінулі 12 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей.

Праз чатыры дні пад абстрэл у Адэсе ледзь не дагадзілі прэзідэнт Украіны і прэмʼер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс. Расійскія ракеты ўпалі за некалькі сотняў метраў ад палітыкаў.

Раніцай 15 сакавіка ў выніку падвойнага ракетнага ўдару па Адэсе загінуў 21 чалавек. Сярод ахвяр акрамя грамадзянскіх аказаліся ратавальнік і медык, якія прыбылі на ліквідацыю наступстваў першага абстрэлу.

У Жэкю з Адэсай звязана значная частка жыцця, і адгуляў ён там значна больш, чым у Мінску – 10 гадоў.

З роднай Бяляеўкі ў Адэсу брамнік пераехаў яшчэ ў школьныя гады, калі яго забралі трэнавацца ў мясцовую ДзЮСШ №3. За мясцовыя «Чарнаморац» і СКА ён гуляў да 26 гадоў, пакуль не перабраўся ў мінскае «Дынама». У Адэсе футбаліст атрымаў вышэйшую адукацыю, скончыўшы геалагічны факультэт. У складзе Адэскага ўніверсітэта выйграваў Спартакіяду сярод ВНУ Украіны. Бацька футбаліста да 89 гадоў ездзіў з сябрамі на хатнія матчы «Чарнаморца». Іван Жэкю сам прызнаваўся, што любіць гэтую каманду не менш за мінскае «Дынама».

Раней Жэкю любіў расказваць пра родныя краі. Напрыклад, у адэсітах шанаваў разуменне футбола, якое больш нідзе не сустракаў. Пасля няўдалых матчаў брамніка пазнавалі на вуліцах і маглі ў твар сказаць усё, што думаюць і пра яго гульню, і пра гульню каманды агулам. «Нельга было ўжо проста так у таксі паехаць – трэба было сядзець на заднім сядзенні і рабіць выгляд, што ты не футбаліст», – распавядаў адэсіт.

Скончыўшы гуляць, Жэкю вярнуўся ў Адэскую вобласць, дзе працаваў дырэктарам спартыўнай школы. У 2006-м стаў галоўным трэнерам роднай «Бяляеўкі», якую праз два гады прывёў да тытула чэмпіёна Адэскай вобласці. Ва Украіне брамніку не падабаліся дарогі, і ён прапаноўваў павесіць «усіх тамтэйшых горадабудаўнікоў». «Уяўляю, што б з імі зрабіў Аляксандр Рыгоравіч [Лукашэнка]. У Адэсе просяць пазычыць яго на тыдзень», – казаў Жэкю.

У канцы «нулявых» ён зʼехаў жыць да сваёй сямʼі ў Мінск. Жэкю падабаўся характар беларусаў, якіх называў прыстойнымі і выхаванымі людзьмі. А вось пра украінцаў і рускіх адклікаўся без такога захаплення: «У іх [беларусах] няма гэтага непрыемнага нацыяналізму, як ва ўкраінцаў, – гэта маё, гэта тваё. І няма гэтага нахабства, якое сустракаецца ў рускіх».

Раней Жэкю не раз з сімпатыяй адгукаўся пра Лукашэнку, з якім знаёмы асабіста. У 90-х былы дынамавец трэнаваў зборную парламента, з якой прыходзіў гуляць Лукашэнка ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў. Той сам вырашаў, дзе яму дзейнічаць на полі, але Жэкю не пратэставаў. Па меркаванні прафесіянала, палітык меў нядрэнны футбольны ўзровень.

Жэкю падабалася жаданне дыктатара прымусіць усіх чыноўнікаў займацца спортам, а яшчэ ўменне «імгненна» вырашаць пытанні. «[Лукашэнка] пытаецца, колькі каштуе Палац спорту. Яму гавораць, 12 мільёнаў і будаваць трэба пару гадоў. Ён – за восем і каб пабудавалі за шэсць месяцаў», – захапляўся Жэкю.

Пры гэтым у пачатку 2010-х экс-боамнік спазнаў лукашэнкаўскую сістэму з іншага боку. Калі быў расфармаваны «Клечаск», дзе Жэкю працаваў спартыўным дырэктарам, бухгалтэрыяй клуба зацікавіліся сілавікі. Ветэрана спорту выклікалі ў РУУС і запатрабавалі даць тлумачэнні па выплаце сутачных, што выклікала шчырае здзіўленне ўкраінца. Ён не мог зразумець такой глыбокай цікавасці да прыватнага клуба. «За кожную капейку пыталіся. Праверылі, пакаралі. Гэта ў нас [у Беларусі] робяць хутка», – успамінаў Жэкю.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты