Tribuna/Футбол/Блогі/Што за беларус выдаў гол, які прымяраюць да Кнігі рэкордаў Гінеса: не прабіўся ў «Дынама», ужо забіваў нечакана

Што за беларус выдаў гол, які прымяраюць да Кнігі рэкордаў Гінеса: не прабіўся ў «Дынама», ужо забіваў нечакана

Планам можа перашкодзіць вайна.

16 траўня, 14:30
Што за беларус выдаў гол, які прымяраюць да Кнігі рэкордаў Гінеса: не прабіўся ў «Дынама», ужо забіваў нечакана

15 траўня ў расійскім Д3 «Хімік» з Дзяржынска (горад з такой назвай ёсць не толькі ў Беларусі) прымаў «Машук-КМВ» з Пяцігорска. Разводзіць мяч з цэнтра поля выпала гасцям. Вось толькі яны вырашылі не разыгрываць яго – пасля свістка суддзі беларускі паўабаронца Мікалай Іваноў першым дотык прабіў па варотах. У выніку атрымаўся вось такі неверагодны гол:

На ўдар з цэнтра поля беларус наважыўся не сам – гэта была падказка галоўнага трэнера «Машука-КМВ» Артура Садзірава.

«Перад свістком пачатку гульні Артур Умамудзінавіч пачаў крычаць: «Коля, Коля!». Зразумеў, што брамнік далёка выйшаў. Вось так і наважыўся прабіць!

Перад пачаткам сезона Артур Умамудзінавіч мне прапанаваў паспрабаваць на трэнінгу [біць з цэнтра], і я быў здзіўлены, але разумеў, што ў мяне можа атрымаецца. Супернік, відаць, нас дрэнна разабраў, таму што некалькі разоў у сезоне я ўжо так спрабаваў, але беспаспяхова», – сказаў Іваноў.

Садзіраў распавёў, што досвед удараў з сярэдзіны поля ён пераняў у беларускага экс-брамніка, які станавіўся чэмпіёнам з МПКЦ і браў кубак з «Нёманам», Юрыя Свіркова.

«Яшчэ калі я быў футбалістам, Юры Свіркоў казаў: «Пачатак гульні – самы нечаканы момант. Брамнікі часта кідаюць раму. Адзін з вас дакранаецца мяча – іншы б'е», – сказаў Садзіраў.

Прэс-служба «Машук-КМВ» ужо паспела назваць гэты гол самым хуткім у гісторыі сусветнага футбола. Ад моманту ўдару да таго, як мяч перасёк лінію варот, прайшло 2,92 секунды. Аднак з прызнаннем могуць узнікнуць праблемы. У 2022-м пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну Кніга рэкордаў Гінеса на нявызначаны тэрмін спыніла ўсе справы з Расіяй і Беларуссю, але «Машук» плануе зрабіць запыт.

У гісторыі расійскага футбола самым хуткім узяццем варот да гола Іванова крыніцы паказвалі мяч Міхаіла Асінава, які быў забіты ў 2011-м годзе за навачаркаскі МІТАС у вароты «Алімпіі» таксама ў мясцовай Д3 (праўда, замеры з секундаметрам сведчаць, што ад пачатку гульні да гола мінула амаль 4 секунды). Тады МІТАС спрабаваў зафіксаваць гол у Кнізе рэкордаў Гінеса, але не аплаціў камісію.

У свежым рэйтынгу ESPN аўтарам самага хуткага гола ў сусветным футболе называецца Марк Бароўз, які вызначыўся ў матчы моладзевай англійскай лігі «Коўс Спортс» – «Істлайн» у 2004-м праз 2,56 секунды пасля пачатку гульні. У аналагічным топ-лісце Givemesport Бароўз толькі чацвёрты, а на першым – Гэвін Стокс, які вызначыўся за 2,1 секунды ў Д3 Шатландыі.

На гол Іванова адрэагавала сям'я паўабаронцы. Брат параіў разабрацца, ці самы гэта хуткі мяч у гісторыі, а бацька, падобна, уразіўшыся ўдарам, параіў сыну заканчваць карʼеру.

«Атрымаў шмат віншаванняў. Партнёры сказалі, што ў Пяцігорску чакаюць праставу. Брат, які ўважліва сочыць за маёй гульнёй, параіў высветліць, ці самы гэта хуткі гол у гісторыі, але спачатку трэба зразумець, з якога моманту адлічваць час: са стартавага свістка ці ўдару.

Пакуль цяжка разумею, што здарылася. Пазней вывучу, як можна патрапіць у гісторыю. Выцягнуў латарэйны білет. Такое бывае раз у жыцці. Тата сказаў: «Цяпер заканчвай карʼеру!» Але пакуль не планую», – распавёў Іваноў.

А матч з «Хімікам», дарэчы, каманда беларуса, які паспеў яшчэ і вызначыцца галявой перадачай, выйграла 3:2. «Машук-КМВ» пасля 13 тураў ідзе на 2-м месцы ў «Срэбным дывізіёне» з 21 пунктам і мае нядрэнныя шанцы падняцца ў наступны раўнд расійскага Д3 («Залаты дывізіён»), адкуль ужо можна атрымаць пуцёўку ў Д2:

Мікалай Іваноў пачаў займацца футболам у РЦАР-БДУ. Пазней трапіў у структуру мінскага «Дынама», аднак у першай камандзе замацавацца не здолеў, хаця ў дублі хаўбек паказваў нядрэнныя вынікі – у сезоне-2018 стаў найлепшым бамбардзірам каманды з 12 мячамі і дапамог узяць чэмпіёнства. А яшчэ ўжо тады забіваў прыгожа з далёкай дыстанцыі:

Усяго за рэзерв «Дынама» з 2017-га па 2019-ы правёў 57 матчаў і забіў 18 мячоў. За першую каманду паўабаронца за гэты ж час выйшаў у 6 матчах (агулам на 162 хвіліны).

У 2020-м Іваноў адправіўся выступаць за «Гомель» на правах арэнды. Там быў стабільным гульцом асновы (23 матчы, 3 галы і 4 асісты), дапамог на той момант камандзе Івана Біёнчыка заваяваць срэбра першай лігі. А яшчэ вызначыўся голам пасля прамога ўдару з кутняга. (адзнака 2:07). Шкада, што аператар матча не адчуў момант:

Далей у кар'еры Іванова зноў былі арэнды: у сезоне-2021 тры з паловай месяцы ў «Іслачы» (70 хвілін за 2 матчы) і паўгода ў першай лізе за «Нафтан» (18 матчаў, 2 галы, 1 асіст), а ў 2022-м чарговая спроба загуляць у вышцы – на гэты раз у складзе «Мінска» (15 матчаў, але ва ўсіх выходзіў на замену, агулам атрымаў 228 хвілін).

У 2023-м Іваноў зноў спусціўся ў першую лігу, далучыўшыся да «Макслайна». Там у першым жа матчы далёкім ударам са штрафнога прашыў галкіпера «Слоніма»(адзнака 2:40). Той матч з'яўляецца для Іванова самым выніковым у кар'еры – набраў 2+2, а яго каманда шанцаў суперніку не пакінула – 5:0:

У мінулым сезоне за «Макслайн» адгуляў 29 матчаў і набраў 8+9, пасля чаго ўпершыню ў кар'еры з'ехаў за мяжу і падпісаў паўтарагадовы кантракт з «Машуком-КМВ», за які ў гэтым сезоне ўжо правёў 13 матчаў, аддаў 2 галявыя перадачы і забіў той самы неверагодны гол.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты