Tribuna/Футбол/Блогі/Мог бы спакойна гуляць у ЧБ, а замест гэтага едзе на Еўра са зборнай Францыі – і, падобна, будзе ў аснове

Мог бы спакойна гуляць у ЧБ, а замест гэтага едзе на Еўра са зборнай Францыі – і, падобна, будзе ў аснове

Найлепшы асістэнт ЛЕ, які прайграў канкурэнцыю Верацілу і Залескаму.

17 траўня, 23:59
Мог бы спакойна гуляць у ЧБ, а замест гэтага едзе на Еўра са зборнай Францыі – і, падобна, будзе ў аснове

Галоўны трэнер зборнай Францыі Дзідзье Дэшам вызначыўся са складам на Еўра-2024. У спісе – 25 гульцоў, пры гэтым кожная каманда можа заявіць 26, таму не выключана, што нехта яшчэ далучыцца да «трохкаляровых». У заяўцы сярод такіх зорак як Кіліян Мбапэ, Антуан Грызман ці Усман Дэмбеле знайшлося месца і абаронцу «Марселя» Жанатану Клосу. Таму самому, якому летам 2018-га не ўдалося прайсці прагляд у брэсцкім «Дынама» (тады гульца забракаваў спартыўны дырэктар Сяргей Кавальчук, які палічыў, што Алег Вераціла і Андрэй Залескі не горшыя за легіянера), пасля чаго француз нават хацеў скончыць кар'еру:

Пасля няўдачы ў Брэсце Клоса падабрала «Армінія» з нямецкага Д2, з якой той выйграў другую Бундэслігу. А затым быў пераход у «Ланс», дзе за два сезоны вызначыўся крутой для абаронцы статыстыкай: 8+18 за 74 матчы ва ўсіх турнірах і па выніках чэмпіянатаў Францыі 2020/21 і 2021/22 уключаўся ў сімвалічную зборную Лігі 1. А яшчэ ў сакавіку-2022 Жанатан упершыню быў выкліканы ў зборную Францыі. Ад шчасця гулец не змог стрымаць слёз:

Улетку 2022-га Клос перайшоў у «Марсель» за 7,5 мільёны еўра, падпісаўшы кантракт да канца чэрвеня 2025-га. На новым месцы ён адразу стаў стабільным гульцом асновы – у дэбютным сезоне прапускаў гульні толькі праз пашкоджанні. Яго выніковасць таксама засталася на ўзроўні (за 42 матчы ва ўсіх турнірах забіў 2 мячы і аддаў 10 галявых). У сімвалічную зборную Лігі 1 2022/23 ён не патрапіў, але затое атрымаў прызнанне ад кам'юніці FIFA 23, якое ўключыла Клоса ў каманду года чэмпіянату Францыі:

У гэтым сезоне Клос ізноў з'яўляецца жалезным гульцом «Марселя». У чэмпіянаце і Кубку Францыі ён правёў 28 гульняў, у якіх адзначыўся 3 мячамі і 3 асістамі. Але асабліва паспяховай для абаронцы ў плане выніковасці атрымалася Ліга Еўропы, дзе ён за 12 матчаў набраў 2+6. Шмат у чым дзякуючы яркай гульні Клоса «Марсель» дайшоў да паўфіналу, дзе, праўда, саступіў «Аталанце» 1:4 па суме двух матчаў. Дарэчы, шэсць галявых перадач – найлепшы паказнік у цяперашнім розыгрышы ЛЕ. Першы радок у рэйтынгу Клос дзеліць з аднаклубнікам Амінам Арытам, профільная пазіцыя якога – плеймекер.

Клос валодае нядрэнным ударам з сярэдняй дыстанцыі, што ён дэманстраваў у гэтым сезоне ў матчы са «Страсбурам» (1:1), выхаванцам якога зʼяўляецца (таму гол не святкаваў) (адзнака 1:35):

І з «Клермонам» (5:1) (адзнака 1:21):

А яшчэ латэраль выдатна ўмее далучацца з глыбіні, здзіўляючы абарону супернікаў. Гэта ён дэманстраваў у гульні з «Ніцай» (2:2) (адзнака 2:38):

Або ў 1/8-й ЛЕ з «Вільярэалам» (1:3), дзе сваім мячом пахаваў шанцы «падводнікаў» на камбек з 0:4 пасля першага матчу:

Для правага абаронцы «Марселя» чэмпіянат Еўропы ў Германіі стане першым топ-турнірам на ўзроўні зборных. Перад катарскім мундзіялем Клос прысутнічаў у пашыраным спісе зборнай, аднак у канчатковы не патрапіў. У цяперашняй заяўцы Францыі яго галоўнымі канкурэнтамі бачацца Жуль Кундэ з «Барселоны» (46 матчаў ва ўсіх турнірах, 2+4 па гол+пас) і Бенжамен Павар з «Інтэра» (30 матчаў, 3 асісты).

Цікава, што з апошніх шасці сустрэч у чатырох Дэшам на месцы правага абаронцы ў старце выпускаў менавіта Клоса. У адборы на Еўра той правёў 80 хвілін з Нідэрландамі (2:1), дзе вызначыўся асістам, і поўны матч з Гібралтарам (14:0) – там набраў 1+1. У таварыскіх гульнях адгуляў 90 хвілін з Шатландыяй (4:1) і 11 з Чылі (3:2). У сакавіцкім матчы з паўднёваамерыканцамі быў вымушаны пакінуць поле праз пашкоджанне левага падкаленнага сухажылля. Але ад траўмы ён ужо аднавіўся.

Яшчэ ў дзвюх сустрэчах (кваліфікацыі ЧЕ з Грэцыяй 2:2 і спарынгу з Германіяй 0:2) Клос у старт не трапляў, але выходзіў на замену ў другім тайме. Нельга выключаць, што менавіта гулец, які не прабіўся ў Брэсце, пачне Еўра ў статусе асноўнага правага абаронцы зборнай Францыі.

Дарэчы, а што там з канкурэнтамі Клоса па «Дынама»? Вераціла сёння асноўны ў «Іслачы». У гэтым сезоне абаронца, якому ў ліпені споўніцца 36, цалкам правёў практычна ўсе матчы (у чэмпіянаце і Кубку іх сумарна набралася 13) – толькі супраць «Смаргоні» выйшаў у канцоўцы сустрэчы. 33-гадовы Залескі таксама стабільна гуляе, але ў «Славіі». У гэтым сезоне поўнасцю правёў усе 8 матчаў чэмпіяната.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты