Усе навіны

Экс-гандбаліст зборнай Беларусі: «Мацкевіч вярнуўся з Грэцыі ў «Мяшкоў» на добрыя ўмовы. Гарбуз у Швейцарыі атрымліваў менш, чым далі ў Брэсце»

30 сакавіка, 17:08

Экс-гандбаліст зборнай Беларусі ў інтэрв'ю «Трыбуне» паразважаў пра развіццё кар'ер беларускіх гульцоў ва ўмовах міжнароднага бана.

Нагадаем, што IHF адхіліла прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Наколькі моцна ўплывае працяглы просты без топ-спаборніцтваў на спартсмена?

– Адхіленне зборнай не ўплывае настолькі, наколькі адхіленне клубаў ад еўракубкаў. Цяпер беларускія каманды гуляюць з аднымі і тымі ж супернікамі па шмат разоў на працягу сезона. Як гэта можа станоўча паўплываць на форму спартсмена, на яго матывацыю працаваць на 100 працэнтаў? SEHA-ліга – гэта некалькі дадатковых матчаў з расіянамі. А практыкі з еўрапейскімі клубамі няма. Памятаю па сабе, сам больш імкнуўся згуляць у Еўропе за клуб, каб зацікавіць некага. Праз тры матчы зборнай на Еўра зрабіць гэта нашмат цяжэй.

– Адсутнасць зборнай на міжнародных спаборніцтвах неяк уплывае на матывацыю гульцоў?

– Не думаю, што знерваваліся тыя, хто гуляюць за мяжой, атрымліваюць добрую практыку. А з тых, хто ў Беларусі, зараз вельмі шмат гандбалістаў, у асноўным моладзь, хоча з'ехаць. Таму што ў зборнай сябе не паказаць, у еўракубках не ўдзельнічаюць – сэнс сядзець на Радзіме і чагосьці чакаць? Удзел у турнірах высокага ўзроўню моцна ўплываў на імкненне спартсменаў быць у форме, развівацца. Няма перспектыў і магчымасці паказаць сябе на міжнароднай арэне – няма матывацыі выкладвацца у клубах.

Старым, па вялікім рахунку, усё роўна. Умоўны Вячаслаў Шумак у Еўропу ўжо не паедзе, плюс у Брэсце нядрэнна атрымлівае. Таму для яго няма розніцы, гуляе зборная на Еўра ці не. Гэта датычыцца многіх гульцоў ва ўзросце 30+. Той жа галкіпер Іван Мацкевіч пагуляў у Грэцыі, у клубе пачаліся фінансавыя праблемы – і Мацкевіч вярнуўся ў Беларусь, таму што [у «Мяшкове»] у Брэсце яму далі добрыя фінансавыя ўмовы, наколькі ведаю, у Еўропе ён нічога не шукаў. [30-гадовы] Глеб Гарбуз прыстойна гуляў у Швейцарыі, быў на вядучых ролях. Ён памяняў Еўропу на Беларусь. Прычыны? Толькі фінансы. У Швейцарыі дорага жыць, а тамака ён атрымліваў менш, чым яму далі ў Брэсце. Зараз сядзіць на лаўцы за добрыя грошы, – сказаў спартсмен.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі