Tribuna/Гандбол/Блогі/Фантазёр з гандбола прыдумаў подзвіг, якому нібыта перашкодзілі санкцыі (ага, паехалі б на Гульні).

Фантазёр з гандбола прыдумаў подзвіг, якому нібыта перашкодзілі санкцыі (ага, паехалі б на Гульні).

Гэтай мары ўжо не адзін год.

Аўтар — bytribuna com
26 снежня, 19:00
Фантазёр з гандбола прыдумаў подзвіг, якому нібыта перашкодзілі санкцыі (ага, паехалі б на Гульні).

Рэжымны спорт на лукашэнкаўскім тэлебачанні – гэта практычна гарантыя якога-небудзь дзіўнага выказвання, якое мае вельмі мала агульнага з рэальнасцю. Вось нядаўна на «другую кнопку» прыходзіла Анастасія Мірончык-Іванова, якая рыхтуецца стаць сябрам «парламента» Лукашэнкі – і такога напляла наконт некаторых спалучэнняў колераў!

Цяпер жа адзначыўся Андрэй Крайноў – былы брамнік «Мяшкова», а сёння старшыня СКА. Гандбольны падпісант за рэжым прыйшоў у самую палітычную праграму спартыўнага падраздзялення прапагандысцкай БТРК «Беларусь 5», дзе абмяркоўваюць звычайна, як нібыта выдатна рэжымнікі спраўляюцца з міжнародным банам, што ўведзены ў многіх відах спорту ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Нават асіплы голас не перашкодзіў гандбольнаму функцыянеру своеасабліва адказаць на першае ж пытанне вядоўцы, які нагадаў, што на АГ-2024 не дапушчаныя беларускія спартсмены ў камандных відах, і спытаў, як суразмоўца ставіцца да «гэтай, мусіць, нават у нейкім сэнсе адкрытай дыскрымінацыі». Стоячы каля кіраўніка беларускай федэрацыі баскетбола (ён жа намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі) Максіма Рыжанкова, Крайноў вырашыў «абараніць» адразу два віды.

- Бачыце, нам нават не далі шанцу адабрацца на Алімпіяду. А і жаночы баскетбол, і мужчынскі гандбол сёння маглі б вельмі дастойна прадстаўляць нашую краіну на міжнароднай арэне. Таму, канечне, дыскрымінацыя. Каманда – гэта ўсё ж 20-30 чалавек са сваёй ідэалогіяй. Таму яны баяцца і не пускаюць нас, – заявіў Крайноў.

А цяпер лёгкі напамін: на Алімпійскія гульні-2020, у кваліфікацыі да якіх ніякіх абмежаванняў ад МАК для белспорту не было, ні ў адным камандным відзе спорту беларускія гульцы не ўдзельнічалі – проста не прайшлі адбор. Ды і ў Парыжы відавочна і ў звычайнай сітуацыі зноў абышліся б без беларускіх каманд – прынамсі, у гандболе.

Наогул, траплянне на АГ – блакітная мара кіраўніка беларускай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва, які засядае на сваёй пасадзе ад 2006 года. Яшчэ ў 2007-м рэжымны функцыянер заявіў, што ў мужчынскай каманды ёсць мэта прабіцца ў Лондан-2012, што гучала проста недарэчна. Гэтага і не адбылося, але мэта як такая не знікла – а зборная прагрэсавала, і перад АГ-2016 нават пачало верыцца, што ў яе можа атрымацца. Фактычна акалічнасці склаліся так, што на Еўра-2016 трэба было абгуляць Польшчу – і тады да Рыа заставаўся невялікі праходны кваліфікацыйны турнір. Але суседзі выйгралі 32:27 – і ў выніку паехалі на АГ самі.

У 2021-м Канаплёў у чарговы раз заявіў, што ягоная федэрацыя «будзе рабіць усё магчымае, каб урэшце дабрацца і да Алімпіяды». Але, як справядліва заўважыў сам функцыянер, «для гэтага трэба набліжацца да першага месца на чэмпіянатах Еўропы і свету». А пшык з гэтага атрымаўся ўжо на бліжэйшым буйным турніры – ЧЕ-2022. Канаплёў спачатку ўвогуле гаварыў пра золата, потым неяк вярнуўся ў рэальнасць і сказаў, што трэба выйсці з групы, а па факце не ўдалося і гэтага – Беларусь без асаблівых шанцаў прайграла Германіі і Польшчы.

Праз студзеньскі правал зборная патрапіла ў кошык слабых каманд пры адборы на ЧС-2023 – і ў выпадку перамогі над Фарэрскімі астравамі выходзіла на ўсю тую ж Нямеччыну, з якой трэба было б гуляць ужо ў красавіку 2022-га. Так што, хутчэй за ўсё, на сусветнае першынство Беларусь проста не паехала б па спартыўным прынцыпе – пераканацца ў гэтым не ўдалося толькі таму, што Расія пачала вайну ва Украіне, а ў адказ прыляцеў міжнародны бан.

На ЧС-2023 давалі адну прамую пуцёўку на АГ – яе забралі пераможцы з Даніі. Яшчэ адну атрымае чэмпіён Еўропы-2024. Астатнім зборным трэба прабівацца на Гульні праз дадатковую кваліфікацыю. Месцаў там таксама няшмат. У адбор трапляюць шэсць каманд з топ-7 ЧС – але гаспадары АГ французы ў 2023-м сталі віцэ-чэмпіёнамі свету, а таму ў кваліфікацыю адправіліся каманды з 3-га па 8-е месцы: Іспанія, Швецыя, Германія, Нарвегія, Егіпет і Венгрыя.

На ЧЕ-2024 будуць разыграныя яшчэ два месцы ў адборы – адпаведна, для каманд, якія будуць вышэй за астатнія, але яшчэ не маюць пуцёўкі ў кваліфікацыю (гэта значыць калі ўсе фаварыты пацвердзяць клас, то ў адбор пойдуць каманды з 8-га і 9- га месца на Еўра). Далей 12 каманд кваліфікацыйнага турніру (туды трапляюць і з іншых кантынентальных чэмпіянатаў) дзеляцца на тры групы па чатыры калектывы, і па дзве каманды з кожнага квартэта таксама трапляюць на АГ.

Яшчэ раз падкрэслім галоўнае: каб трапіць хаця б у фінал адбору на Гульні, зборнай Беларусі нават пры староннім шанцаванні трэба было б трапіць хаця б у топ-9 на ЧЕ-2024 (падобнае першы і апошні раз камандзе ўдавалася ў 1994 годзе). Верыце ў такі расклад на фоне выніку з 2022-га?

Што тычыцца згаданай Крайновым жаночай баскетбольнай зборнай, у яе шанцы патрапіць на АГ выглядалі значна больш рэальна. Для гэтага трэба было скончыць ЧЕ-2023 у топ-6, а пасля проста не стаць апошнімі ў квартэце на алімпійскім адборы, які запланаваны на люты 2024-га. Задача выглядала падʼёмнай для каманды, якая практычна ў цяперашнім складзе стала чацвёртай на ЧЕ-2021, але, зноў жа, праз міжнародны бан мы ўжо не даведаемся, як было б насамрэч.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты