Усе навіны

Яўген Летаў: «Якая павінна быць матывацыя, калі «Нёман» у сезоне не выйграў ніводнага матча ў Жлобіне?»

27 лютага, 09:50

Трэнер «Нёмана» Яўген Летаў падзяліўся ўражаннямі ад матчу Экстралігі супраць «Металурга» (3:4).

– Нейкі нешчаслівы горад для вас у гэтым сезоне.

– Ну слухайце, абедзве каманды хочуць перамагчы, у абедзвюх ёсць гульцы, якія яе заслугоўваюць, не толькі ў нас. Каб здабыць перамогу, трэба прыкладаць максімум намаганняў, а не змену папрацаваў, потым дзве адпачыў. Трэба ў кожным моманце выкладвацца.

– Сёння такога не было?

– Чаму ж. Падвялі нашыя рашэнні. То мы ў агні, выдатна камбінуем у нападзе, а потым самі сабе робім халодны душ. Нашы рашэнні абарочваюцца галамі, але не ў чужыя вароты. Вось гэта непакоіць, такога не павінна быць. Асабліва ў канцы сезону, калі каманда рыхтуецца да яго вырашальнай часткі. Зашмат брака.

– Гэта можа быць звязана з тым, што матчы нічога не вырашаюць, надыходзіць невялікае расслабленне?

– Не думаю. Якая павінна быць матывацыя, калі мы ў сезоне не выйгралі ніводнага матча ў Жлобіне? Не важна, апошняя гульня, вырашае нешта ці не. Выходзьце, матывуйце сябе, перамагайце.

– Што спадабалася сёння?

– Што не здаліся, працавалі да канца. У трэцім перыядзе рабілі тое, што прасілі ў каманды – забыцца першыя два. Хаця не скажу, што стартавы быў дрэнным. У трэцім маглі не толькі выратаваць матч, але і выйграць. Момантаў было дастаткова, трэба іх рэалізоўваць.

– Ёсць думкі па першым нумары ў варотах перад плэй-оф?

– Канцоўка рэгуляркі дала падставу задумацца, – сказаў Летаў.