Усе навіны

Дзмітрый Краўчанка: «Спадзяюся, такія матчы дадуць нам неабходную энергію і досвед перад наступнай серыяй»

4 красавіка, 00:02

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падвёў вынікі сустрэчы з «Гомелем» у паўфінальнай серыі плэй-оф Экстралігі (5:4, 4-1 у серыі).

– Перш за ўсё хацеў бы падзякаваць два спартыўныя калектывы з адной вобласці, усім спартсменам за добры, магутны хакей на мяжы фолу. Цікавыя былі матчы. Таксама дзякую калегам-трэнерам за тое, што рыхтавалі каманды. Кіраўнікам падзяку. Поўныя трыбуны ў двух гарадах – паказчык таго, наколькі цікавай атрымалася серыя. Калі сыходзіў з лёду, нашы заўзятары плакалі ад радасці. Калі мы дорым такія эмоцыі людзям, гэта самае вялікае шчасце! Сёння да апошняй хвіліны ўсё магло перавярнуцца ў іншы бок. Мы маглі страціць перамогу, але рады, што выдужалі і выйшлі ў фінал.

– Лукін прапусціў усю серыю. Не было сумневаў, ці запускаць яго ў гэтую мясасечку?

– Не. Косця сваімі дзеяннямі стварыў пару момантаў. Супраць яго імкнуліся згуляць шчыльна, у сілавой манеры, але гэта пайшло на карысць. Ён сцягваў на сябе сапернікаў, а партнёры ўдала згулялі. Для першага матча пасля доўгага перапынку ён праявіў сябе добра, у далейшым яшчэ дадасць.

– Першую шайбу закінуў Борыкаў. Рады за яго?

– Вельмі рады! Казаў пасля серыі з «Юнацтвам», якое таксама атрымалася вельмі ўпартым і цяжкім, што здзіўлены, наколькі ўсе спартоўцы сканцэнтраваліся, сталі адным цэлым. У нас быў вельмі цяжкі сэзон, цяжкая селекцыя. У канцоўцы мы злучылі гульцоў адзін з адным – усё дзякуючы спартсменам, іх працы. Борыкаў – хлопец малады. Пасля першай гульні даў яму паўзу, каб падрыхтаваўся да хатніх матчаў. Ягор трымае ўзровень і паказвае сябе. Пышна спрацаваў, як і ўся каманда. Ніякіх негатыўных момантаў не хачу называць. Мы шчаслівыя! З божай дапамогай справіліся, едзем далей.

– Сустракаліся пятая і шостая каманды рэгуляркі, але па якасці хакея, эмоцыям на трыбунах і на лёдзе серыя атрымалася падобна фіналу. Пагaдзіцеся?

– У абедзвюх каманд атрымаўся цярністы шлях, цяжкі, але гэта гартуе. Спадзяюся, такія матчы дадуць нам неабходную энергію і досвед перад наступнай серыяй.

– Вы трэці год запар выводзьце «Металург» у фінал. Наколькі дапамагае менталітэт пераможцы? Ці ёсць нейкая псіхалагічная перавага над сапернікамі?

– Перавага? Нядаўна расказваў, што 1 красавіка 1997-га падпісаў свой першы трэнерскі кантракт. Прыстойна часу з тых прайшло. Я зорак з неба не хапаю, упэўнена стаю на нагах. Так, былі нейкія высокія палёты, але хутка разумеў, што па зямлі лепш хадзіць. Я даўно адаптаваўся да такіх напружаных гульняў, чмурэю ад сёмых матчаў, калі на поўную бурліць адрэналін. Я сам чалавек адрэналіністы і энергічны. Люблю экстрэмальныя сітуацыі, мне без гэтага жыць вельмі складана. Так што ўжо адаптаваўся.

У «Металурга» кожны сезон працэнтаў на 70-80 новы калектыў, Жлобін працуе на выхад. Прычым хлопцы ідуць на ўзровень вышэйшы. Калі пачнецца прыход такіх гульцоў, як Борыкаў, якога можна ставіць у прыклад, то і каманда стане мацнейшай. Бюджэты ва ўсіх прыкладна аднолькавыя. «Металург» хоча гуляць сваімі выхаванцамі, але яны выходзяць-выходзяць-выходзяць, з-за гэтага даводзіцца запрашаць хакеістаў з боку, прасейваць, шукаць, размаўляць. Потым будаваць калектыў. Нашы хлопцы таксама адаптаваны да цяжкіх матчаў. І калі так атрымліваецца, ва ўсіх добрыя эмоцыі, то чаму б, чорт пабяры, не пайсці вышэй? – сказаў Краўчанка.