Усе навіны

Кацярына Сныціна: «Я перастала супрацоўнічаць з БФСС праз страту даверу і павагі да арганізацыі і Апейкіна»

30 верасня, 13:46

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна пракаментавала канфлікт паміж кіраўніком БФСС Аляксандрам Апейкіным з экс-старшынёй фонду Аляксандрай Герасіменяй.

«Сёння хацелася б проста адзначаць Дзень спартыўнай салідарнасці, але трэба вам расказаць сваё бачанне. Просяць пракаментаваць тое, што адбываецца ў апошнія дні паміж БФСС і Аляксандрай Герасіменяй. Пракаментаваць тое, што адбылося паміж імі, я не магу, бо знутры я гэтую гісторыю не ведаю.

Магу толькі выказаць тое, што ў прынцыпе ўжо даўно трэба было агучыць, але па нашай, ужо зараз зразумела, дурной звычцы, не хацелася сварыцца.

Я перастала супрацоўнічаць з БФСС ужо як шмат месяцаў, бо страціла ўвесь давер і павагу да гэтай арганізацыі і Апейкіна як кіраўніка ў прыватнасці.

У свой час мы з хлопцамі з SOS.by (Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі) спрабавалі дабіцца справаздачнасці ад фонду, таму што менавіта нашымі імёнамі карысталіся, калі арганізоўвалі зборы сродкаў. Але ўсё было дарэмна.

Ніякіх дакументаўдакумэнтаў мы так і не ўбачылі. Частка актыўнай медыйнай часткі спартсменаў перасталі супрацоўнічаць яшчэ ў самым пачатку, калі гэта адбылося.

У мяне цеплілася надзея, што ўсё ж фонду можна давяраць, таму што мы ўсё робім адну справу. Ды і проста хацелася верыць у лепшае.

З часам адказы на пытанні «куды размеркаваліся грошы» станавіліся ўсё карацей і грубей. Сама грубіянства мяне не кранала, маё станаўленне як спартсменкі прайшло пад крыкі і мацюкі розных трэнераў. Але людзі давяраюць майму імені і тым дзе і ў чым я ўдзельнічаю, вось тут я адчувала і адчуваю вялікую адказнасць.

Таму яшчэ ўлетку я выйшла з усіх працоўных чатаў спарсменаў. Мы прыпынілі працу старонкі SOS.by і закрылі доступ да яе фонду. А таксама спыніла ўдзел у любых ініцыятывах фонду.

З апошнім выйшла ўвогуле лёгка. У фонду без спартсменаў, якія іх падтрымлівалі ўвесь гэты час, але сышлі з-за немагчымасці разумець куды і на што сыходзяць грошы, а таксама з-за адсутнасці элементарнага адэкватнага стаўлення, не засталося ініцыятываў ці мерапрыемстваў, якія б фонд рабіў для беларусаў», – напісала Сныціна.