Усе навіны

Сныціна пра канфлікт у БФСС: «Калі не можаш вырашыць праблему ўнутры калектыва, гэта нармальна выносіць у грамадства»

7 кастрычніка, 15:37

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна адрэагавала на выказванні Канстанціна Якаўлева і Аляксандра Апейкіна адносна канфлікту з Аляксандрай Герасіменяй:

«Косця гаворыць пра сітуацыю, якая здарылася паўтара гады таму. Саша Герасіменя, якая ўзначальвала фонд спартыўнай салідарнасці, пайшла адтуль. І як яна сама сказала, з'яўляючыся кіраўніком фонду, падпісваючы дакументы, яна запытвала ў Апейкіна нейкую фінансавую справаздачнасць, але ён ніколі не даваў ёй доступ.

І вось Косця згадвае «джэнтэльменскае пагадненне» пра захаванне ўнутранай кухні. Так што важней: «джэнтэльменскае пагадненне» ці «мы гуляем шчыра»?

Была і другая сітуацыя, калі прозвішчы Леўчанкі і Герасімені не прыбралі з сайта амерыканскага фонду. Яны напісалі Апейкіну, але рэакцыі не было, таму прыйшлося выйсці ў медыяполе. Літаральна на працягу гадзіны пасля публікацыі іх прозвішчы прыбралі з ростра.

Усё вельмі проста. Калі не можаш вырашыць ціха, спакойна нейкую праблему ўнутры сваёй ячэйкі, свайго калектыву, то гэта нармальна выносіць гэта на грамадскае абмеркаванне, каб грамадства стварала ціск, і пачынаўся рух у нейкі бок. Гэта суперінструмент, які дзейнічае ва ўсіх дэмакратычных краінах. Не бывае такога, што замоўчваецца праблема, пакуль гэта ўсё не бахне. Абмеркаванне і крытыка лічыцца нармальным, а не тое, што адзін Апейкін вырашае, каму паказваць дакументацыю і чые прозвішчы дзе выкарыстоўваць.

Саша Апейкін пракаментаваў тады ў інтэрв'ю, што дзяўчынкі зрабілі гэта чыста дзеля хайпа. Але проста падумайце, гучыць ці не «Алена Леўчанка і Аляксандра Герасіменя робяць хайп на такой навіне», – распавяла Сныціна.