Усе навіны

Баскетбольны блогер Уткіна: «Марыніна падала заяву, падпісаную Рыжанковым, нібыта я абразіла гонар Трафімавай, якая не мела прэтэнзій»

28 верасня, 20:18

Баскетбольны блогер Анастасія Уткіна ўзгадала пра тое, як генеральны сакратар БФБ Анастасія Марыніна напісала заяву ў прарэжымны РУУС.

– Раскажы аб тваіх «прыгодах» з сілавікамі Лукашэнкі.

– Перад нейкім Новым годам, 31 снежня, мне патэлефанавалі, сказалі, што з РУУС [Лукашэнка] просяць прыехаць на гутарку. Я адказала, што знаходжуся ў Мiёрах – тады пачалі нешта пытацца аб Марынінай. Я адказала, што нічога не ведаю, на гэтым, па сутнасці, размову скончылі.

Потым мне незразумела хто напісаў на пошту ліст, дзе было сказана, што Марыніна і хтосьці яшчэ – карупцыянеры і гэтак далей. Яшчэ там было напісана, што гэты ліст і ў КДБ [Лукашэнкi] адпраўлены. Як мне потым расказалі, адпраўніка так і не знайшлі, як і пацверджанняў інфармацыі. Ну а я напісала матэрыял, што, прызнаю, было з майго боку непрафесійна.

– Якія былі наступствы?

– Для мяне – ніякіх, як ні дзіўна. Але гісторыя з лістом усплыла пазней, ужо ў 2020-м. Улетку таго года «Гарызонт», за які я шмат гадоў заўзела, зашкварыўся па поўнай праграме. Клуб выказаў падзяку рэжыму, які нібыта шмат гадоў падтрымлівае «Гарызонт». І я напісала невялікi пост з гэтай нагоды.

Праз пару тыдняў мне патэлефанавалі з РУУС [выканкама Лукашэнкі па Мінску], сказалі прыйсці наконт праверкі па тым лісце аб карупцыі – праз сем месяцаў. Потым мяне пачалі распытваць яшчэ і пра пост аб «Гарызонце». Аказалася, што Марыніна падала на мяне заяву, дзе паставіў подпіс і Рыжанкоў, нібыта я абразіла гонар і годнасць клуба, кіраўніцтва і галоўнага трэнера Наталлі Трафімавай. І яшчэ накатала заяву, што я ўдзельнічаю ў незаконных масавых мерапрыемствах. Не заленавалася знайсці відэа і прымацаваць скрыншот, дзе я сапраўды была ў натоўпе на акцыі. Але пры гэтым на мне была камізэлька «Прэса», і гэта выразна было відаць. Марыніна ўсё роўна хацела, каб мяне пакаралі, але ўсё гэта было яшчэ да выбараў, таму ніхто гэтага рабіць не стаў.

Дарэчы, калі я заходзіла ў РУУС [Лукашэнкi], сустрэлася з Трафімавай і дырэктарам БК Дзмітрыем Львовічам. Мы проста перасекліся поглядамі. Як аказалася, іх выклікалі на гутарку, у тым ліку па маім матэрыяле. І жанчына, якая мяне дапытвала, сказала, што Трафімава не мае да мяне ніякіх прэтэнзій, хаця я па ёй жорстка прайшлася. Што да ліста, то я сказала: «Прыйшло і вам, і мне. Па сутнасці, проста нейкая рассылка, спам :)». Ад мяне адсталі. Мне здаецца, ім проста лянота было займацца тады падобнымі справамі. Праз нейкі час зноў тэлефанавалі, запрашалі прыехаць, але я сказала, што не атрымаецца – і на гэтым усё, – распавяла Уткіна.