Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Спецыяльны зварот «Гоначнай псіхапатыі» да сваіх чытачоў

Спецыяльны зварот «Гоначнай псіхапатыі» да сваіх чытачоў

Спецыяльны зварот «Гоначнай псіхапатыі» да сваіх чытачоў

Фота: formula1.com

Самы беларускамоўны блог з гоначных і самы гоначны з беларускамоўных вяртаецца ў эфір!

Шаноўнае спадарства, нарэшце я магу парадаваць вас добрымі навінамі, але спачатку распавяду пра тое, што ім папярэднічала.

Сваіх поглядаў я ніколі не хаваў, таму і не надта замарочваўся наконт таго, што напаміны пра іх засталіся ў розных сацыяльных сетках, што і давяло мяне да непрыемнасцей. Зрэшты, ці гэта на самой справе было маёй памылкай, цяпер нават і не скажаш, бо непрыемнасці гэтыя сталі падставай для карэнных змен у маім жыцці.

14 верасня, калі тут з’явілася апошняя публікацыя, да мяне дамой прыпёрліся «красаўцы», адзін з якіх, паказваючы мне маё раздрукаванае сэлфі з Дня Волі 2019 года ў Мінску, спытаў: «Твоя фотка?». Так пачаўся першы ў маім жыцці адміністрацыйны арышт у пятнаццаць сутак.

29 верасня я выйшаў на волю. Натуральна, прапусціў шмат гонак, і толькі каб іх усе пераглядзець у запісах, мне спатрэбіўся тыдзень. Штосьці пісаць пра іх было проста позна, дый у сябе трэба было прыйсці, але зрабіць гэта ў мяне не надта атрымалася, бо празмерна эмацыйнага кароткага паста ў Фэйсбуку наконт маёй адсідцы хапіла, каб атрымаць новы адміністрацыйны арышт, ужо ў дваццаць восем (так, у дваццаць восем) сутак.

Аднак працэдуру эвакуацыі з Беларусі я паспеў пачаць яшчэ пасля першага тэрміну, а пасля другога працягнуў яе. І з 22 снежня я знаходжуся за межамі сваёй краіны. А гэта значыць, што цяпер я магу вярнуцца да працы, якая, як высветлілася, вам – тым, хто чытае «Гоначную псіхапатыю» – цікавая і патрэбная. Усе прапушчаныя гонкі я адглядзеў, з важнымі навінамі пазнаёміўся, таму чым жыве аўта- і мотаспартыўны свет, я ведаю.

Наперадзе персанальна ў мяне шмат цікавага, але шлях мяне чакае няпросты, асабліва ўлічваючы неабходнасць нанова будаваць жыццё ў іншай краіне. Да таго ж справу сваю я хачу развіваць, радаваць сваіх чытачоў рэлізацыяй новых ідэй і фарматаў. Ніякіх пэйволаў я рабіць не хачу прынцыпова, як і наогул уводзіць нейкі платны кантэнт. Прынцып «Гоначнай псіхапатыі» – гэта максімальная адкрытасць ад усіх. Аднак ваша дапамога дакладна не будзе лішняй, тым больш што частка яе пойдзе на падтрымку тых, хто зараз ваюе за свабоду Украіны, а таксама і Беларусі.

Таму унізе, пад гэтым тэкстам, выпабачыце нумар рахунка, куды зможаце накіраваць свае ахвяраванні, калі палічыце, што мая праца гэтага вартая, і, што важней за ўсё, КАЛІ ВЫ ЗНАХОДЗІЦЕСЯ ЗА МЕЖАМІ БЕЛАРУСІ. Верагодна, пазней для гэтага з’явяцца і іншыя магчымасці і спосабы, аб чым я паведамлю.

Ну а пакуль будзем рыхтавацца да новага гоначнага сезона, як пачнецца зусім хутка. Ралі-марафон Дакар будзе першай важнай падзеяй у 2024-м, стартуе ён ужо 6 студзеня. Абавязкова ўспомнім мы і мінулыя сезоны Формулы 1 і чэмпіянату MotoGP і зробім прагнозы на новыя. Жыццё працягваецца, і, нягледзячы ні на што, Жыве Беларусь! Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Віншую ўсіх з Калядамі і Новым Годам! Хай ён прынясе ўсім нам перамогу.

Рахунак для падтрымкі праекту:

Wise:

IBAN

BE07 9678 4276 5466

Іншыя пасты блога

Усе пасты