Tribuna/Шахматы/Блогі/17-гадовы беларус здзівіў сусветныя шахматы – прарваўся на топ-турнір, згуляў нічыйную партыю з чэмпіёнам, яшчэ і зарабіў

17-гадовы беларус здзівіў сусветныя шахматы – прарваўся на топ-турнір, згуляў нічыйную партыю з чэмпіёнам, яшчэ і зарабіў

Не перашкодзіла адставанне ў сотні месцаў рэйтынгу.

Аўтар — bytribuna com
17 снежня, 07:00
17-гадовы беларус здзівіў сусветныя шахматы – прарваўся на топ-турнір, згуляў нічыйную партыю з чэмпіёнам, яшчэ і зарабіў

16 снежня завяршыўся фінальны этап серыі па хуткіх шахматах (рапідзе) Champions Chess Tour. У Таронта за тытул і галоўны прыз у 200 тысяч долараў ужывую змагаліся восем шахматыстаў, а перамог галоўны фаварыт, шматгадовы чэмпіён свету і бягучы лідар сусветнага рэйтынгу па класічных шахматах, чатырохразовы пераможца ЧС па рапідзе нарвежац Магнус Карлсен.

Апошнім жа з васьмёркі найлепшых аказаўся беларускі шахматыст Дзяніс Лазавік. Але ўжо само пападанне ў галоўны раўнд 17-летняга «цёмнага коніка» стала сапраўднай сенсацыяй. Лепш за ўсё гэта паказвае карцінка ніжэй – на ёй адлюстраваны сусветны рапід-рэйтынг удзельнікаў фінальнага турніру да моманту яго пачатку.

Усе шэсць адборачных турніраў Champions Chess Tour праходзілі ў рэжыме анлайн – нездарма тур праводзіцца пад эгідай найбуйнейшага сайта для гульні па сетцы chess.com (там беларускія і расійскія шахматысты пасля пачатку вайны ва Украіне пазбавіліся дзяржсцягаў насупраць імёнаў, але не права ўдзелу ў матчах). Гросмайстар Лазавік пачаў з другога з трох дывізіёнаў – і на першых двух турнірах выступіў няўдала, вылецеўшы ў Д3. Але ў ім на трэцім турніры стаў трэцім, павысіўся назад і на чацвёртым спаборніцтве нечакана выйграў другі дывізіён.

На гэтым Лазавік не спыніўся – трапіўшы ў Д1 да ўсіх наймацнейшых, на пятым турніры шахматыст сенсацыйна абыграў амерыканскага фіналіста папярэдніх спаборніцтваў, дасведчанага гросмайстра Уэслі Со і ў выніку заняў трэцяе месца. Заключны, шосты турнір адбору Лазавік заваліў і стаў апошнім у Д1, але запасу па ачках за папярэднія геройствы хапіла, каб патрапіць на восьмае месца ў выніковым рэйтынгу, пакінуўшы за бортам фіналу двойчы віцэ-чэмпіёна свету па шахматах расіяніна Яна Няпомняшчага. Заадно за шэсць турніраў беларускі гросмайстар зарабіў 44,3 тысячы долараў прызавых.

Лазавік падчас аднаго з адборачных турніраў

У Таронта ў снежні Лазавіка чакаў спачатку групавы этап, у якім трэба было гуляць з кожным супернікам матч: той складаўся мінімум з двух партый, у выпадку роўнасці ў ліку пасля якіх праходзіла партыя-«армагедон» (з паменшанай колькасцю часу для аднаго з шахматыстаў, які ў выпадку нічыёй прызнаваўся пераможцам). У выніку з сямі матчаў Лазавік выйграў толькі адзін – супраць французскага гросмайстра Максіма Ваш'е-Лаграва (які ў «армагедоне» атрымаў менш часу).

Аднак унутры матчаў беларускі гулец прайграў усе партыі толькі японскаму амерыканцу Хікару Накамуры. Праўда, напрыклад, у стартавым паядынку Лазавіка супраць Карлсена нарвежац выйграў першую партыю і ў другой ужо без праблем пагадзіўся давесці справу да нічыёй (якая азначала яго агульную перамогу). Такую ж нічыю Дзяніс атрымаў у другой партыі матча з другім нумарам сусветнага рэйтынгу Фабіянам Каруанам з ЗША. А выніковае восьмае месца ўсё роўна прынесла Лазавіку яшчэ 12 тысяч долараў.

Наогул сур'ёзна ў шахматах пра Лазавіка пачалі гаварыць шэсць гадоў таму, калі Дзяніс выйграў чэмпіянат свету па бліцы ва ўзроставай катэгорыі да 12 гадоў. Аднойчы падлетак нават сенсацыйна абыграў фіналіста матча за званне чэмпіёна свету-2012, ураджэнца Мінска Барыса Гельфанда.

У 2022-м Лазавік стаў самым юным у гісторыі беларускіх шахмат гросмайстрам, дасягнуўшы гэтага звання ў 15 гадоў і сем месяцаў. Ранейшы беларускі рэкорд быў ссунуты адразу на два гады – Сяргей Жыгалка стаў гросмайстрам у 17 гадоў і восем месяцаў. Вядома, што Лазавік марыць увайсці ў топ-10 сусветнага рэйтынгу, а пакуль знаходзіцца на 393 месцы. Але з беларускіх гульцоў вышэйшы толькі Жыгалка (361-ы радок).

Лазавік ужо паспеў з'ездзіць на дзве юнацкія шахматныя Алімпіяды. На іх мінчанiн максімальна станавіўся трэцім у складзе беларускай зборнай, якая прапускала наперад толькі Азербайджан і Узбекістан. Летась Дзяніс ездзіў на два дарослыя ЧС: на турніры па бліц-шахматах ён стаў 16-м, а ў рапідзе заняў 42-е месца. У студзені 2023-га Лазавік выйграў невялікі турнір ад chess.com, а таксама чэмпіянат Беларусі.

У Канадзе ў маладога талента ўзялі пару інтэрв'ю. Гледачы даведаліся, што на турнір ён прыляцеў з маці Марынай (па яе словах, з трыма перасадкамі), у шахматы Дзяніса навучыў гуляць бацька, таксама ў сям'і ёсць 10-гадовая дачка і котка Буська. Галоўнай паднятай тэмай сталі падазрэннi ў адрас Лазавіка ў чытарстве (яно ў анлайн-матчах больш рэальнае, чым ужывую). Дзяніс адказаў, што, «напэўна, шмат людзей так думае», але ён стараецца не звяртаць на гэта ўвагу, ды і з развіццём інтэрнэт-гульні «кожны шахматыст падазроны ў той ці іншай ступені». Зрэшты, бойкія гульні Лазавіка з сусветнымі топамі за дошкай у Таронта павінны былі астудзіць скептыкаў.

У іншым інтэрв'ю Дзяніс прызнаўся, што не глядзіць спорт, рэдка чытае кнігі, не надта слухае музыку і не запамінае выканаўцаў (нядаўна адкрыў для сябе Nirvana, не можа назваць ніводнай песні The Beatles). Таксама Лазавік назваў сябе «савой», сказаў, што аддае перавагу гульнi ў шахматы ў хуткім варыянце і анлайн, а не ўжывую, найлепшым вынаходнiцтвам чалавецтва лічыць інтэрнэт, а любімым горадам – родны Мінск.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты