Tribuna/Веласпорт/Блогі/БАТЭ (не клуб) дапамагае дэталямі вытворцу «Аиста» – адтуль пасля «паленага» матацыкла прыбралі намесніка старшыні велафедэрацыі, а Цылінскую адправілі ў буфет

БАТЭ (не клуб) дапамагае дэталямі вытворцу «Аиста» – адтуль пасля «паленага» матацыкла прыбралі намесніка старшыні велафедэрацыі, а Цылінскую адправілі ў буфет

Былы ўласнік заводу нядаўна вызваліўся пасля сямі з лішнім гадоў у лукашэнкаўскай турме.

Аўтар — bytribuna com
21 красавіка 2023, 12:30
3
БАТЭ (не клуб) дапамагае дэталямі вытворцу «Аиста» – адтуль пасля «паленага» матацыкла прыбралі намесніка старшыні велафедэрацыі, а Цылінскую адправілі ў буфет

20 красавіка на мінскі мотавелазавод чарговы раз прыехала адна з найбліжэйшых памочніц Аляксандра Лукашэнкі Наталля Качанава. Яна паглядзела на ровары і з задавальненнем заявіла, што ў іх "знайшлі што паставіць", хоць раней "гаварылі, фары няма, гэтага няма". Праўда, гаворка ішла не пра камплектуючыя ўвогуле, а пра элементы, што выпускаюцца ў Беларусі. З гэтай нагоды Качанава нагадала галоўную рэжымную мэту для прадпрыемства – «выпускаць не проста матацыклы і ровары, якія б збіраліся тут, а з лакалізацыяй не менш за 50 адсоткаў». Атрымліваецца, у сістэмы адбыўся адкат - у верасні тая ж Качанава чакала 80-90% беларускіх дэталяў у прадукцыі завода.

Зрэшты, любы працэнт беларускага - ужо прагрэс у параўнанні са жніўнем 2022-га, калі Лукашэнку паказалі «беларускі матацыкл». Пры бліжэйшым разглядзе выявілася, што ўсе камплектуючыя ў агрэгаце кітайскія. Дырэктар завода Мікалай Ладуцька спрабаваў апеляваць да таго, што ў Беларусі зрабілі зборку, а таксама зрабілі свае "дызайн-ідэю, дызайн-праект". Але гэта была відавочная хлусня - з матацыкла нават не прыбралі эмблему X-Ride, якая выдавала дачыненне асобніка да французскай мадэлі Mash X-Ride Classic 650, дзе на месца асноўнага лога проста прыляпілі марку Minsk.

У выніку дырэктара, былога кіраўніка выканкаму Лукашэнкі па Мінску, хутка прыбралі з пасады. Ладуцька, які атрымаў пра сябе водгук "не можа і не хоча", адрэагаваў як узорны прарэжымнік - зняўся ў "пакаянным відэа", дзе назваў Лукашэнку "бацькам", якога "трэба слухаць, выконваць навучанні".

З кастрычніка новым дырэктарам «Мотавела» стаў Сяргей Манько, які на пачатку 2023-га заявіў, што класічны матацыкл «Мінск» можна зрабіць беларускім на 40%. Сядзенні, фары і ўсе пластмасавыя і металічныя канструкцыі сабраўся вырабляць сам завод, а вось з электрыкай, як сказаў Манько, моцна дапамог БАТЭ - вядома, не футбольны клуб, а барысаўскі завод, які даў назву футбольнаму праекту, а цяпер кіруе цэлым холдынгам «Аўтакампаненты » з 11 прадпрыемстваў.

Гісторыя велазавода ў гэтым стагоддзі шматпакутная. Акурат у пачатку 2000-х беларуская прадукцыя перастала вытрымліваць канкурэнцыю з кітайскай, і ў прадпрыемства пачаліся праблемы. У 2005-м дайшло да таго, што рабочыя, якім не выплацілі і так нізкі заробак, зладзілі страйк – каля 300 чалавек перакрылі Партызанскі праспект каля будынку завода. Лукашэнка тады заявіў, што не абавязаны ратаваць прыватнае прадпрыемства (завод уяўляў сабой ААТ «Мотавела» з акцыянерамі-працоўнымі, але па факце ўсё роўна кантраляваўся рэжымам, які пісаў пад сябе заканадаўчую базу), а за падтрымку запатрабаваў здаць усе акцыі дзяржаве. Зрэшты, у 2007-м 99,7% папераў таварыства набыў прыватнік – дэ-юрэ аўстрыйская кампанія ATEC, за якой па факце стаяў беларускі бізнэсовец Аляксандар Мураўёў. Здзелка ацэньвалася больш чым у 7 мільёнаў долараў.

Пры Мураўёве ў завода быў хоць нейкі ўздым - у год выраблялася пад 200 тысяч ровараў і 12 тысяч матацыклаў. Але бізнэсмэн, які думаў аб прыбытку, не бачыў вялікага выхлапу непасрэдна ад вытворчасці тэхнікі - далей яна не павялічвалася, а будынкі карпусоў здаваліся ў арэнду. Рэжыму гэта не спадабалася - у сярэдзіне 2015-га Мураўёва ўпяклі за краты, "намаляваўшы" стандартныя артыкулы "махлярства" і "нявыплата падаткаў" (рэжым даўно вядомы тым, што любую легальную ўгоду, якая дазваляе законна плаціць менш падаткаў, можа постфактам абвясціць «махлярскай»).

Лукашэнка асобна абураўся таму, што Мураўёў хацеў прадаць тэрыторыі велазавода і прыходзіў з такой прапановай да вышэйзгаданага Ладуцькі, які тады быў кіраўніком рэжымнага выканкаму па Мінску. Бізнесмену пазней далі 11 гадоў калоніі з канфіскацыяй, але выйшаў ён пасля сямі з лішнім гадоў за кратамі - на стыку 2022 і 2023 гадоў. Па дадзеных крыніц Office Life, бізнесовец тут жа пераехаў з Беларусі ў напрамку ААЭ.

Пасля арышту Мураўёва гендырэктарам «Мотавела» паставілі, уласна, Ладуцьку, якога ў 2014-м прыбралі з «выканкама» і ў выніку адправілі на паніжэнне. Праўда, фармальна сфера была Ладуцьку блізкая - бо ён з 2012-га ўзначальваў Беларускую федэрацыю веласпорту (у 2017-м яго змяніла Наталля Цылінская, але фармальна функцыянер да гэтага часу застаецца яе намеснікам). Пры Ладуцьку ў 2013-м у Мінску прайшоў ЧС па велатрэку - на яго правядзенне выдаткавалі 1,85 млн еўра, але, як сцвярджаў функцыянер, "ад пражывання ў гасцініцах, праезду на таксі, пакупак сувеніраў і іншага выручылі 2,3 мільёна еўра" (мабыць, складалі ўвогуле ўсе нумары і паездкі па ўсім горадзе ў месяц спаборніцтваў, інакш такую лічбу атрымаць было б складана). А ў верасні таго ж года быў створаны першы прафесійны ў Беларусі велаклуб "Мінск" - дапамог і "выканкам" Ладуцькі, а ў лік заснавальнікаў увайшло "Мотавела", якое заадно забяспечвала клуб непасрэдна роварамі.

Калі ў пачатку 2017-га праз уласны «суд» рэжым вярнуў сабе акцыі завода, Ладуцька як яго гендырэктар фіксаваў гадавыя страты ў 3,5 мільёна еўра і заяўляў, што для аднаўлення вытворчасці яму трэба 7 мільёнаў долараў ад дзяржавы тэрмінова і каля 50 мільёнаў сумарна. Аднак праблемы завода ў выніку былі вырашаныя "элегантна", па-рэжымнаму - ААТ "Мотавела" падалася на банкруцтва, а паралельна структурамі рэжымнага выканкама па Мінску было створана ТАА "МотаВелаЗавод". Гэтае ўтварэнне і стала «новым» заводам – арандавала ўсе патрэбныя плошчы ў «старога» і працягнула абсалютна тую ж працу з тым жа Ладуцькам на пасадзе дырэктара. Праўда, нягледзячы на вяртанне ў моду ровараў як транспарту і стварэнне інфраструктуры для паездак, чыноўнік так і не прыдумаў для прадпрыемства нічога лепшага, чым запатрабаваць ад рэжыму фінансавання, падатковых ільгот і нават увядзення «утылізацыйнага збору» на ровары - гэта значыць дадатковай пошліны для любога, хто захоча набыць сабе асобнік. За такі падыход Ладуцька яскрава крытыкаваў вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

На сёння завод, які, як звычайна ў рэжыма, зусім не стаў "залатым дном", сваім вядомым брэндам Aist працягвае значыцца ў партнёрах Беларускай федэрацыі веласпорту і велаклуба "Мінск" (хаця, калі верыць інфармацыі ў сацсетках клуба, яго саўладальнікам "МотаВелаЗавод" не з'яўляецца). Ды і ў веласпартыўных структурах на прадпрыемства не забываюцца. У канцы 2022-га на закрыцці падсанкцыйнага года ад федэрацыі прадставілі фільм да яе 30-годдзя (якое здарылася яшчэ ў студзені 2022-га). Галоўная сюжэтная лінія складалася ў тым, што ў мінулым вядомыя беларускія велагоншчыкі, а цяпер члены выканкама федэрацыі і спартыўнай дырэкцыі "Мінска" Аляксандр Кучынскі і Яўген Гутаровіч збіраюць на заводзе ўласны веласіпед.

Кучынскі заадно сказаў, што «з дзяцінства з такімі роварамі ўвесь час важдаўся». А калі «рабацягі» ў выкананні экс-гоншчыкаў дабраліся да завадской сталовай, іх там сустрэла «буфетчыца» – экстрэмальна нафарбаваная падпісантка за Лукашэнку і кіраўнік федэрацыі Наталля Цылінская. Гутаровіч на камеру весела заявіў, што падчас здымак Цылінскую «многія людзі пужаліся, некаторыя страцілі прытомнасць» (адзнака 3:29).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты