Усе навіны

Экс-футбаліст моладзевай зборнай Вяроўка: «Расіяне не разумеюць, што беларусы – асобная нацыя, якая змагаецца за незалежнасць, і чаму хтосьці не хоча гаварыць на рускай»

13 лістапада 2022, 09:40
1

Экс-футбаліст моладзевай зборнай Беларусі Яўген вяроўка ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» распавёў пра тое, як цяпер адбываецца яго камунікацыя з расіянамі.

– Што расейцы, якім вы дапамагаеце, кажуць аб Беларусі і беларусах?

– Большасць сачыла за сітуацыяй у нашай краіне ў 2020-м, але да канца ўсё роўна не разумеюць, чаму мы пратэставалі і чаго хочуць людзі. Многія расіяне дагэтуль не бачаць відавочнага – што Беларусь фактычна акупаваная Расіяй. Мы спрабуем ім расказваць, тлумачыць, але даходзіць не да ўсіх. Плюс некаторыя да гэтага часу не могуць падзяліць беларусаў і Лукашэнка, думаюць, што гэта адно цэлае.

Застаецца радавацца, што яны супраць вайны і ў цяперашняй сітуацыі хочуць дапамагаць украінцам. Гэтыя расіяне не замбаваныя прапагандай, разумеюць, што адбываецца насамрэч, хто ва ўсім вінаваты. Але яны шкадуюць сваіх суайчыннікаў, якія паехалі на вайну, спрабуюць апраўдаць ўчынкі рускіх тым, што іх прымусілі, у іх не было выбару. Я гэтыя словы не ўспрымаю. У мяне больш эмоцый выклікае карцінка, дзе ўкраінскія дзеці сядзяць у бамбасховішчы, чым думкі пра тое, што нейкі рускі сядзеў ціха, чагосьці чакаў, а потым яго адправілі на вайну. Было шмат спосабаў, каб пазбегнуць гэтага.

Дарэчы, з расіянамі была загваздка па зборы грошай на аўтамабіль для УСУ. Яны мяркуюць, што калі супраць вайны, то наогул не павінны мець да яе ніякага дачынення, нават у плане збору сродкаў – дапамагаць уцекачам з жыллём будуць, а даваць грошы на тэхніку не хочуць, нават нягледзячы на тое, што гэта не на танк, а аўтамабіль, прызначаны ў першую чаргу для перавозкі параненых.

– Што расейцы кажуць аб тым, што Беларусь з'яўляецца суагрэсарам ў вайне?

– На мой погляд, яны да канца не разумеюць усіх рэчаў. Кажуць, што Беларусь і Расія – гэта амаль адзінае цэлае, гэта Саюзная дзяржава, таму лагічна, што калі Расія ўступіла ў вайну, то і Беларусь будзе ёй дапамагаць. Увогуле, у рускіх гэта ў парадку рэчаў. Расіяне пакуль не разумеюць, што мы – асобная краіна, этнічная група, нацыя, змагаемся за сваю незалежнасць. І яшчэ ў іх у галовах не ўкладваецца, чаму мы так баранім сваю мову, чаму хтосьці не хоча гаварыць на рускай. Магчыма, тут адбіваецца ўплыў прапаганды, якая паўтарае, што ў суседніх краінах прыгнятаюць рускую мову, як гэта гаварылі пра Украіну, – распавёў Вяроўка.