Усе навіны

Мiкiта Мелказёраў: «Сказаў Вяргейчыку: «Усяго вам добрага. Жыве Беларусь!» Побач Базанаў стаяў. Паказаў яму кулачок і два пальчыка – ён смешна спужаўся»

14 лістапада 2022, 23:01

Журналiст Мiкiта Мелказёраў у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» распавёў пра апошнюю сустрэчу з намеснікам старшыні АБФФ Юрыем Вяргейчыкам.

– Да гэтага часу думаю, што ён [Вяргейчык] мог бы быць карысны для беларускага футбола, з ягоным досведам і ведамі ў якасці лакальнага менеджара. Але светаўспрыманне, рэваншызм у дачыненні да Барысава, гісторыі пра савецкую мінуўшчыну і наша сяброўства з Расіяй… Мне б хацелася, каб людзі, якія займаюцца развіццём футбола ў Беларусі, мелі больш шырокія погляды на жыццё і шматлікія іншыя рэчы.

Апошні раз мы з Юрыем Васільевічам размаўлялі ў жніўні 2020 года. Пратэсты ўжо шлі. АБФФ ладзіла прэзентацыю формы зборнай на стадыёне «Дынама». Саша Мартыновіч удзельнічаў. Я палічыў патрэбным сказаць яму [Мартыновічу] на правах даўняга знаёмцы, каб зборнікі фігнёй не займаліся і не пачыналі казаць пра «мы па-за палітыкай», калі пасля матчаў у іх запытаюць пра актуальныя падзеі. Людзей катуюць, якое па-за палітыкай.

Саша толькі рот адкрыў – Васіліч невядома адкуль з’явіўся. І пачаў мяне палітінфармацый апрацоўваць: «Вы ўсё верыце ў заходнія каштоўнасці, думаеце, што перамены наступяць і ўсё будзе добра. Але насамрэч вы памыляецеся». І бла-бла-бла. Такі хрэстаматыйны ябацька. Няхай гэтага слова тады яшчэ ніхто не ведаў. Ну, і паляцелі «нашыя караблі баразніць касмічную прастору»: «Вось вы кажаце, што няма лепш музея, чым «Луўр». А я быў у нашым «Эрмітажы» (не ведаю, чаму ён гэты музей лічыць нашым), і перакананы, што лепшага за яго нідзе не знайсці». 

Слухаў я ўсё гэта, разумеў, што тролю нельга даваць нагоды працягваць, і толькі усміхаўся, скончыўшы: «Юрый Васільевіч, усяго вам добрага. Жыве Беларусь!» А побач Базанаў стаяў. Паказаў яму кулачок і два пальчыка. Дык ён спужаўся так смешна. Мне падаецца, у такім стане гэты чалавек і кіруе беларускім футболам.

Так што кантактаў, сапраўды, няшмат. Які сэнс. Той жа Саша Мартыновіч нешта хацеў мне сказаць. Але ж чалавек да гэтага часу гуляе ў Расіі. Якія ўжо тут словы? – распавёў Мелказёраў.