Усе навіны

Качура пра банер у свой гонар у Мінску ў 2008-м: «Было прыемна, што англічане памятаюць. І сумна, што мяне нават не запрасілі на гульню»

6 лютага 2023, 21:41

Пётр Качура ўзгадаў выступленні за зборную Беларусi.

У канцы 90-х Качура таксама гуляў за англійскі «Шэфілд Юнайтэд», па выніках аднаго з сезонаў заўзятары прызналі Качуру найлепшым футбалiстам каманды.

– Увосень 1994-га вы ўдзельнічалі ў першым афіцыйным матчы зборнай Беларусі – з Нарвегіяй (0:1). Што акружала гульню?

– Перад паездкай на беларускай фабрыцы нам пашылі касцюмы – бардовыя пінжакі і шэрыя штаны. Розніцай у памерах не затлумляліся – зрабілі аднолькавыя. І камусьці прыйшлося падхінаць рукавы і штаніны.

У Осла мы годна біліся, але прапусцілі на апошніх хвілінах. Запомнілася, што адзін з нарвежцаў пасля гульні спакойна паліў ля аўтобуса.

– Праз 9 месяцаў у Мінск прыехала Галандыя. Тут – Качура з Герасімцом. Там ван дэр Сар, Блінд, Давідс, Зеедорф. Як вы перамаглі?

– Гулялі ад абароны са стаўкай на хуткія контры пры перахопах. У сярэдзіне першага тайма я адкрыўся ў краі, прыняў мяч, зрушыўся ў цэнтр і аддаў Герасімцу ўтоеную падоўжную. У Галандыі было шмат зорак «Аякса», якія толькі што выйгралі ЛЧ, і наша перамога 1:0 стала велізарнай сенсацыяй.

У распранальню тады ўвайшоў заўзятар, падзякаваў і ўручыў Геры тысячу долараў. Вялікія грошы ў тыя часы. Мы жартавалі: «Сяргей, галявую аддаў. Трэба падзяліцца».

– Калі ў 2008-м Англія гуляла ў Мінску, заўзятары з Шэфілда вывесілі банер з вашым прозвішчам. Што тады адчулі?

– Было прыемна, што англічане памятаюць. І сумна, што мяне нават не запрасілі на гульню, – сказаў Качура.