Усе навіны

Бепэ Марота: «Серыя А стала транзітнай лігай, найлепшыя гульцы, верагодна, пяройдуць у іншыя чэмпіянаты»

7 лютага 2023, 10:24

Генеральны дырэктар «Інтэра» Бепэ Марота падзяліўся думкамі пра пераход Мілана Шкрыньяра ў «ПСЖ».

«Трохі сумна, паколькі ўсё магло быць лепш для нас. Шкрыньяр з'яўляецца прафесіяналам і мае права рабіць свой выбар. Аднак у капітанскай павязкі ёсць пэўныя каштоўнасці, якімі трэба дзяліцца. Калі ён іх не выконвае – не можа насіць павязку.

Мілан павінен гуляць за клуб, з павагі да заўзятараў, мы рухаемся наперад. Нажаль, гэта сітуацыі, якія мы зноў убачым у будучыні, паколькі італьянскі футбол стаў транзітнай лігай. Мы павінны прызнаць, што нашыя найлепшыя гульцы, магчыма, пераедуць у іншае месца.

Як я ўжо сказаў, гэта права гульца і яго агентаў прымаць такія рашэнні. Капітанская павязка была не столькі дысцыплінарным пытаннем, колькі знакам таго, што мы дзяліліся пачуццём прыналежнасці. Мы вельмі паважаем гульца, ён выдатны прафесіянал. Не можам скардзіцца на ягонае стаўленне.

Нам трэба вырошчваць чэмпіёнаў тут, інвеставаць больш у нашы маладзёжныя акадэміі і ўвесці правілы, каб атрымаць самае лепшае ад нашага прадукта. Калі вы паглядзіце на АПЛ, яны патрацілі больш за 700 мільёнаў еўра ў параўнанні з некалькімі дзясяткамі, выдаткаванымі ў Серыі А. Яны валодаюць надзвычайнай плацежнай здольнасцю, гэта змяняе канкурэнтаздольнасць. Таму мы павінны прыняць меры, каб лепш выкарыстоўваць нашы рэсурсы», – сказаў Марота для DAZN.