Усе навіны

Сівакоў пра БАТЭ ў ЛЧ: «Кім яны будуць гуляць? Спадзяюся, АБФФ праявіць аператыўнасць, і тыя, хто могуць узмацніць каманду, пачнуць атрымліваць практыку»

11 траўня 2023, 20:18
4

Былы паўабаронца БАТЭ Міхаіл Сівакоў падзяліўся меркаваннем пра верагодны ўдзел барысаўскай каманды ў Лізе чэмпіёнаў.

Раней ліцэнзію для ўдзелу ў еўракубках не атрымаў «Шахцёр».

– Дапусцім, мяне як былога гульца БАТЭ гэта, вядома, не можа не радаваць. Але кім яны там будуць іграць? Бо ўжо і ў чэмпіянаце з-за траўмаў выбар класных гульцоў становіцца ўсё бяднейшым.

Мы ўсе цудоўна ведаем, як можна вырашыць гэтае пытанне, і я спадзяюся, што федэрацыя праявіць аператыўнасць, і тыя, хто могуць узмацніць каманду, нарэшце, пачнуць атрымліваць гульнявую практыку.

Хочацца, каб нашы клубы паўсталі на старце еўракубкаў у сваіх мацнейшых саставах і змаглі згуляць так, каб прынесці радасць усім беларускім заўзятарам. Не мне казаць пра тое, што яны ўжо зачакаліся перамог, – сказаў Сівакоў.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла аб стварэнні «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжыме Беларусі было забаронена заключаць кантракты.