Усе навіны

Пасевіч падпісаў кантракт з «Уфой»

5 ліпеня, 12:54

Паўабаронца Раман Пасевіч распавёў пра пераход ва «Уфу» (Д3).

– Чаму выбар упаў менавіта на расійскі чэмпіянат?

– Мне тэлефанавалі з вышэйшых ліг Казахстана і Азербайджана, прапаноўвалі кантракт. Але чаму абраў менавіта расійскі трэці дывізіён? Мне асабіста патэлефанаваў галоўны трэнер Сяргей Вітальевіч Гурэнка і прапанаваў туды прыехаць, таму што футбалісты дакладна зразумеюць, калі трэнер асабіста тэлефануе і цікавіцца тваімі планамі – гэта дарагога каштуе. Акрамя таго, стэлефанаваўся са мной і Яўген Юр'евіч Чарнухін, трэнер-аналітык «Уфы». Каманда добрая і амбіцыйная. У іх ёсць задачы і мэты. Душой адчуваў, што трэба быць бліжэй да іх.

– Ці надоўга плануеш заставацца ва «Уфе»? Наколькі разлічаны кантракт?

– Я падпісаў кантракт на год. Калі ўсё будзе добра, і мы выканаем камандныя задачы, а я, адпаведна, індывідуальныя. Жадаю максімальна дапамагчы калектыву. Тады ў перспектыве будуць іншыя размовы аб магчымым падаўжэнні.

– У далейшым плануеш падымацца ўверх па расійскіх дывізіёнах?

– Так, вельмі буду старацца і прыкладаць усе намаганні, каб як мінімум апынуцца там, у Прэмʼер-лізе. Я з дзяцінства сачу за РПЛ, мне падабаюцца каманды і стыль гульні. Таму буду рабіць для павышэння ўсё. А ўвогуле пажадана, вядома, з «Уфой» туды дабрацца, – сказаў Пасевіч.

Папярэдняй камандай 23-гадовага паўабаронцы быў «Нёман», за якой Пасевіч у гэтым сезоне не згуляў, з-за траплення ў «чорны спіс» так званага міністра спорту.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.