Усе навіны

У Шчарбіцкага быў варыянт у чэмпіянаце Польшчы, але ён абраў «Урал» з-за асабістай цікавасці Ганчарэнкі

7 ліпеня, 09:05

Па інфармацыі Tribuna.com, цікавасць да Дзяніса Шчарбіцкага яшчэ два тыдні таму праяўляў не толькі «Урал», але і адзін з клубаў чэмпіянату Польшчы. Аднак кіпер зрабіў выбар на карысць каманды з Екацярынбурга.

У многім гэта абумоўлена асабістай цікавасцю Віктара Ганчарэнкі і яго памочніка Аляксандра Ермаковіча, пры якім у ролі галоўнага трэнера БАТЭ Шчарбіцкі пачынаў гуляць у аснове барысаўчан.

«Урал», як аказалася, сачыў за сітуацыяй з варатаром, а калі стала зразумела, што рэжымная «камісія» максімальна зацягвае з рашэннем па футбалістах з «чорнага спісу», екацярынбуржцы зрабілі крок да заключэння кантракта з гульцом.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.