Усе навіны

Міхаіл Залеўскі: «БАТЭ – усё яшчэ клуб з асаблівым статусам»

15 верасня, 12:37

Былы генеральны дырэктар БАТЭ і намеснік Паўла Латушкі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Міхаіл Залеўскі ў інтэрв'ю «Зеркалу» выказаўся пра стан справаў у БАТЭ.

– Што думаеце, гледзячы на клуб сёння?

– Беларускі футбол з-за палітычных рэпрэсій, дыскрымінацыі, поўнага падпарадкавання дзяржаўнай вертыкалі ператварыўся ў машыну, якая выціскае любое іншадумства. Усё скочваецца да аматарскага ўзроўню. Глядзець на гэта сумна і балюча. Напрыклад, каманда, якую называюць «зборнай Беларусі», фармуецца не з наймацнейшых гульцоў, а з лаяльных.

На такім фоне БАТЭ – усё яшчэ клуб з асаблівым статусам. Маю на ўвазе, што фармальна ў яго няма дзяржаўнай формы ўласнасці. Вось і застаецца прынадным кавалачкам. Акрамя таго, сістэма ў Беларусі ўсё закатвае пад некалькі пластоў бетону, каб не дай Бог нехта нешта не сказаў супраць улады. Хоць у цяперашняй сітуацыі складана чакаць мужчынскіх учынкаў ад футбалістаў – для гэтага патрэбны асобы.

– Па розных інсайдах, БАТЭ да гэтага часу не падпісаў план развіцця, што перашкаджае паступленню бюджэтных грошай, клуб вымушаны прадаваць лідэраў…

– Доля дзяржпадтрымкі ў бюджэце БАТЭ заўсёды была мізэрнай. Але [Андрэй] Капскі памыліўся, абраўшы гульню з дзяржавай. Гэта загадзя правальная партыя. Як бачым, ні паходы на ВНС, ні паслужлівыя каментарыі не дапамаглі забяспечыць клубу ўстойлівае фінансаванне і «імунітэт». Прыйшлося скасоўваць кантракт з тымі футбалістамі, хто патрапіў у чорны спіс.

Сёння Андрэй загнаў сябе ў сітуацыю, калі вакол стала шмат жадаючых разарваць аслабелы і некалі незалежны клуб. І да гэтага прывёў ланцужок падзей за апошнія некалькі гадоў, а не так, што ўчора БАТЭ перамог лонданскі «Арсенал», а сёння за шчасце – медалі чэмпіянату Беларусі і выхад у другі раунд еўракубкаў.

— Як паставіліся да «пакаяных» прэс-канферэнцый былога гульца БАТЭ Станіслава Драгуна і Аляксандра Гутара, які, «замаліўшы грахі», зноў стаў футбалістам барысаўскай каманды?

— Хай ацэньваюць іх сем'і і сябры. Я не суддзя. Усе мы разумеем, што тыя заявы былі абумоўлены жаданнем мець доступ да працы, прадпрымальніцтва. Уладе патрэбная лаяльнасць. Ці маглі б Драгун і Гутар гэтага не рабіць? Думаю так. Не веру, што футбалісты былі шчырыя ў словах, — сказаў Залеўскі.