Усе навіны

Станіслаў Драгун: «Трэба сыходзіць своечасова. Калі не на ўзлёце, то не зусім ужо ў разабраным стане»

12 кастрычніка, 10:33

Экс-паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун расказаў пра прычыны завяршэння кар’еры.

«У адрозненне, напрыклад, ад Златана Ібрагімавіча, які гуляў да 41 года, для працягу футбольнага шляху мне да 35 гадоў бракавала матывацыі.

Плюс прыйшло разуменне, што трэба сыходзіць своечасова. Калі не на ўзлёце, то не зусім ужо ў разабраным стане.

У сваім заключным сезоне я забіў 10 галоў, заваяваў некалькі індывідуальных узнагарод. Таму палічыў разумным сысці прыгожа, чым чакаць, пакуль сатруцца калені. Ці пакуль не прагучыць сакраментальнае: прабач, ты ўжо не цягнеш на прыстойным узроўні. Рашэнне было прынята. І пра яго не шкадую», – сказаў Драгун.

Драгун завяршыў кар'еру 4 чэрвеня, у дзень свайго 35-годдзя. Апошнім клубам футбаліста быў БАТЭ, за які Станіслаў выступаў з 2017 года. Аднак у цяперашнім сезоне Драгун за барысаўчан так і не згуляў, бо патрапіў у «чорны спіс» так званага міністэрства спорту Беларусі.

Адразу пасля сваёй пакаяннай прэс-канферэнцыі ў ліпені Драгун паведаміў пра свой намер выступаць за DMedia у расійскай аматарскай медыялізе. У верасні Драгун падпісаў кантракт з міні-футбольным «Мінскам».