Все новости

Руслан Лісаковіч атрымаў траўму пры падзенні на асфальт. Аперацыя не спатрэбілася, але медыкі пакінулі яго пад наглядам

18 кастрычніка, 15:05
1

Як удалося даведацца «Трыбуне», Руслан Лісаковіч атрымаў траўму галавы пры падзенні на асфальт пасля матча маладзёжнай зборнай Беларусі з Партугаліяй (1:6).

Паводле нашай інфармацыі, пасля гульні некаторыя футбалiсты дазволілі сабе спажыць алкаголь, што адбылося ў маладзёжнай зборнай не першы раз. Пасля гэтага група беларускіх футбалістаў накіравалася ў партугальскі горад Барселуш, дзе праходзіла гульня. У нейкі момант Лісаковіч стаў агрэсіўна прыставаць да людзей навокал, што ледзь не прывяло да бойкі. Партнёры спрабавалі ўціхамірыць Руслана, аднак той не паддаваўся.

У выніку Лісаковіч не без дапамогі тых, да каго прыставаў, упаў на асфальт і моцна стукнуўся галавой. Пасля гэтага была выклікана хуткая дапамога, якая даставіла гульца ў бальніцу. Там пасля абследавання вырашылі, што аперацыйнае ўмяшанне не патрабуецца, аднак адпускаць гульца адмовіліся, пакінуўшы яго пад назіраннем.

Па нашых даных, на раніцу серады Лісаковіч усё яшчэ знаходзіўся пад назіраннем партугальскіх лекараў. Адразу пасля шпіталізацыі футбаліст адчуваў сябе даволі кепска, але паступова яго стан паляпшаецца.