Усе навіны

Сяргей Сафар'ян: «Цяжка ўявіць узгадненне з УЕФА беларускіх ФК у чэмпіянаце Расiі»

21 кастрычніка, 13:51

Былы намеснік старшыні АБФФ Сяргей Сафар'ян пракаментаваў словы міністра спорту Расіі пра магчымы ўдзел беларускіх клубаў у чэмпіянаце Расіі.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Каманды з РФ поўнасцю адхілены ад турніраў пад эгідай ФІФА і УЕФА.

– Як глядзіце на прапанову Матыцына?

– Складанае пытанне, улічваючы сітуацыю з допускам клубаў да еўракубкаў. На маю думку, гэта можа негатыўна адбіцца на беларускіх клубах у гэтых турнірах. Калі я працаваў у федэрацыі, было так: пры жаданні дзвюх асацыяцый правесці сумесны чэмпіянат, як правіла, трэба было ўзгадніць гэта з УЕФА. У цяперашняй сітуацыі цяжка ўявіць, як можа ісці падобнае абмеркаванне з УЕФА.

– Прыбяром у бок гэтыя моманты. Чыста са спартовага пункту гледжання ўдзел беларускіх клубаў у чэмпіянатах Расіі быў бы цікавым?

– Так, цікава. Але ўзнікае пытанне нацыянальных чэмпіянатаў. Калі гэта ўмоўная сумесная прэмʼер-ліга і яна ствараецца над нацыянальнымі чэмпіянатамі, дык хто будзе чэмпіёнам сваіх краін, хто будзе прадстаўляць краіну ў еўракубках?

– Якім чынам павінен адбывацца допуск да расійскіх турніраў?

– Хутчэй, гэта пытанне пашырэння лігі. Калі кагосьці дапушчаць да ўдзелу ў РПЛ па-за чаргой, гэта будзе неэтычна са спартовага пункта гледжання. Як і ў выпадку вылету каманды ў ніжэйшы дывізіён, спартовы прынцып павінен вяршэнстваваць.

– А ці захоча які-небудзь з клубаў гуляць у Першай лізе і лётаць з Мінска ў Хабараўск?

- Калі глядзець на КХЛ, то дадзенае пытанне можна вырашаць. Паглядзіце, якой папулярнасцю карыстаецца мінскае «Дынама» ў КХЛ, таму падобнае ў футболе можна арганізаваць з улікам усіх складанасцяў, – сказаў Сафарʼян.