Усе навіны

Кірыл Альшэўскі: «Славія» – адна з самых арганізаваных каманд чэмпіяната, да яе вельмі цяжка рыхтавацца»

22 кастрычніка, 10:15

Галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі падзяліўся меркаваннем пра перамогу ў матчы са «Славіяй» (2:0) у 25-м туры вышэйшай лігі.

– Шмат страсці. Па зместу таксама нядрэнная гульня ад абодвух каманд. Мне як трэнеру нарэшце атрымалася выйграць у Мазыры, што досыць складана. Рады гэтай перамозе. «Славія» – адна з самых арганізаваных каманд чэмпіянату.

Трэба аддаць належнае Івану Біёнчыку – з улікам усіх магчымасцяў стварыў калектыў, які рэальна адбірае ачкі і робіць гэта якасна. Вельмі цяжка да гэтай каманды падрыхтавацца, і тым цяжэй гэтая перамога. Мы радыя.

Удзячныя працаўнікам стадыёна – падрыхтавалі выдатнае поле, якое дазваляла камандам гуляць у футбол.

– У першым тайме «Славія» перайграла БАТЭ. У другім тайме ўсё змянілася. «Славія» не ўтрымала тэмп ці вы скарэктавалі дзеянні каманды?

– На мой погляд, першы тайм быў роўны. Проста сапернік больш якасна дзейнічаў каля нашай штрафной. Быў больш агрэсіўным, і за рахунак гэтага ствараў небяспечныя эпізоды. Мы падыходзілі да чужых варот столькі ж, толькі з гэтага нічога не выціскалі. У перапынку зрабілі на гэтым акцэнт. Не думаю, што Мазыр пачаў гуляць слабей. Ініцыятывай валодалі то яны, то мы. Але мы здолелі выціснуць са сваіх эпізодаў крыху больш. Таму перамаглі.

– Наколькі важная гэтая перамога?

– Відавочна, што пасля серыі няўдач хочацца перамагчы. Перамог не бывае больш ці менш важных. Менш важнай перамога, напэўна, бывае толькі тады, калі вырашаныя усе задачы. На дадзеным этапе па-іншаму ніяк. Мне было цікава паглядзець, якая гульня будзе з Мазыром па змесце. Шмат падобных ідэй з трэнерам апанента, было цікава з пункту гледжання трэнерскіх рэчаў паглядзець, як што працуе. Не ўсё было гладка, ідэальна. Але пэўныя рэчы былі цікавыя з двух бакоў, – сказаў Альшэўскі.