Все новости

Паліцевіч перад матчам з БАТЭ: «Для мяне яны заўсёды з'яўляліся суперраздражняльнікам – усё роўна, за каго ім забіваць»

2 лістапада, 17:13

Абаронца мінскага «Дынама» Сяргей Паліцевіч пракаментаваў будучы матч з БАТЭ.

– Думаю, для любога гульца мінскага «Дынама» паядынкі з БАТЭ – асаблівыя. Абсалютнага спакою ці абыякавасці напярэдадні быць не можа. З іншага боку, празмернасць эмоцый не адчуваецца. Выразна ўсведамляем турнірнае становішча, ведаем, што неабходна перамагаць, пастараемся выйсці на поле з гранічнай канцэнтрацыяй і здабыць патрэбны вынік.

– Каманда заставалася без афіцыйных сустрэч з 21 кастрычніка, калі адолела «Мінск» – 1:0. Апанент з таго часу згуляў яшчэ двойчы. Ці дарэчныя асцярогі адносна рознага ўзроўню тонусу.

– Вядома, лепш часцей праводзіць матчы, чым трэніравацца. Добра, што мы прапусцілі не занадта шмат. Падрыхтоўчы працэс адкарэктавалі з улікам падобнай паўзы – атрымалі самавіты аб’ём нагрузкі, згулялі двухбакоўку. І, перакананы, да сённяшняга супрацьстаяння набліжаемся ў добрых фізічных кандыцыях.

– Няма адчуванняў, што за апошнія гады вастрыня ў саперніцтве паміж мінскім «Дынама» і БАТЭ згасла?

– Не хацелася б казаць, маўляў, раней трава была зеляней. Але ў мой першы этап тут вакол «класіка» аб’ектыўна назіралася куды больш спякоты, шуміхі. Проста лютая прынцыповасць, нават нягледзячы на тое, што «Дынама» ні разу не здолела заваяваць тытул. Антаганізм клубных кіраўнікоў – Юрыя Чыжа і Анатоля Капскага. Пераход Сашы Гутара, які максімальна напаліў сітуацыю. Узгадваецца і падпісанне праз некалькі гадоў Стасам Драгуном кантракта з Барысавам.

Цяпер усё больш сціпла. Градус напалу, які быў раней, крыху згубіўся. Напэўна, моладзь ужо не адчувае да БАТЭ таго, што мы, больш узроставыя футбалісты. Тады кожнага паядынку чакалі з нецярпеннем, на газоне ўвесь час высякалі іскры. Абедзве каманды штурхалі адна адну наперад, садзейнічалі прагрэсу ўсяго беларускага футбола, сведчаннем чаго адначасовае трапленне ў групавыя стадыі еўракубкаў.

– Самы-самы для сябе матч супраць «жоўта-сініх» назавеш?

– У ліпені 2012-га пры Аляксандры Сяднёве ўзялі верх 3:1 на барысаўскім гарадскім стадыёне. Міша Афанасьеў здалёк забіў Андруху Гарбунову, адзначыўся Эрнан Фігерэда. «Дынама» у ірваным тэмпе рухалася па дыстанцыі – і той поспех, натуральна, прынёс велізарную радасць.

Ну і навечна ў памяці першая перамога на «Барысаў-Арэне» – у жніўні 2015-га з адзіным дакладным ударам Глеба Рассадкіна. Гэта маё апошняе «класіка» перад ад’ездам за мяжу – у турэцкі «Генчлербірлігі».

– Галоў у вароты БАТЭ ў форме «бела-сініх» у цябе яшчэ няма.

– Гештальт зачыніў, выступаючы за «Шахцёр». Для мяне БАТЭ заўсёды з’яўляўся суперраздражняльнікам – усё роўна, за каго яму забіваць. Але калі некалі папоўнію прабел у паядынку за «Дынама», буду шчаслівы.

– У матчы першага круга атрымалася адолець адвечнага канкурэнта на выездзе – 3:1.

– У пачатку сезона патрабавалася набіраць ход, упэўненасць, імкнуцца фармаваць нейкі адрыў. Гульня выдалася ўзаемнай, з барацьбой на кожным участку поля. На шчасце, пасля перапынку мы здолелі рэалізаваць свае моманты – і павезлі дадому тры ачкі.

– Ці адчуваецца, што і для Вадзіма Скрыпчанкі БАТЭ – супернік не радавы?

– Пытанне не па адрасе. Але калі паразважаць… Вадзім Віктаравіч доўга абараняў колеры барысаўчан, працаваў у трэнерскім штабе – і ў абедзвюх якасцях станавіўся чэмпіёнам Беларусі. Мабыць, асаблівыя пачуцці ў яго захаваліся. Але пры падрыхтоўцы да «класіка» – і ў красавіку, і цяпер – нейкага асобнага настрою няма. Вадзім Віктаравіч такі спецыяліст, што да любога апанента ставіцца з аднолькавай сур’ёзнасцю.

– Паспрабуй спрагназаваць характар будучага «класіка».

– «Дня адчыненых дзвярэй» не здарыцца. Сумняваюся, што нехта памчыць наперад шашкі нагала. Зрэшты, развіццё падзей можа зведаць рэзкі паварот, напрыклад, у выпадку хуткага гола. Або як у нядаўнім супрацьстаянні з удзелам БАТЭ, які наўрад ці забіў бы чатыры мячы «Слуцку», калі б не прапусціў тры. Іншымі словамі, толькі сённяшні вечар дасць усе адказы.

– Футбалісты «Дынама» напэўна адчуваюць падвышаны ціск – і знешняе, і ўнутранае. Як не дазволіць гэтаму грузу аказаць негатыўны ўплыў?

– Тут у кожнага свой рэцэпт. Мой просты: трэба штодня працаваць са стоадсоткавай самааддачай, быць максімальна сумленным да футбола, выплюхваць эмоцыі на поле – у трэніроўках і матчах, а не на баку, – сказаў Скрыпчанка.