Усе навіны

Дзмітрый Падстрэлаў: «Калі ёсць магчымасць забіць 7, то чаму не?»

12 лістапада, 18:30

Паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Падстрэлаў пракаментаваў перамогу над «Нафтанам» (7:0) у 28-м туры вышэйшай лігі.

– Правялі добры матч, забілі шмат галоў, парадавалі нашых заўзятараў. Крыху дождж ім, вядома, перашкаджаў. Але, думаю, мы гэта кампэнсавалі. Жадаю сказаць ім шчырыя словы падзякі. Яны прыязджаюць падтрымліваць нас у любы горад і пры любым надвор'і. Чэмпіянат, Кубак – усё, што гуляем. Вельмі крута! Дзякуй!

– На 20-й хвіліне на табло гарэлі лічбы 4:0 на вашу карысць. Самі чакалі такога?

– Перад намі задача стаяла перамагчы, а з якой розніцай мячоў – не так важна. Але, вядома, чым больш – тым лепш! Калі ёсць магчымасць забіваць сем, то чаму не?

– Ты хутка адкрыў лік. Як кажуць, першы гол звычайна разнявольвае каманду. Так і было?

– Напэўна так. Забілі – і адразу стала лягчэй. А потым другі, трэці – увогуле, давялі справу да лагічнай перамогі.

– Надворʼе сапраўды не песціла. Дождж, поле слізкае, і тым не менш вам атрымоўвалася выдатна камбінаваць.

– Нават калі поле было слізкім і мяккім, для гэтай пары года яно тут, лічу, добрай якасці.

– Ці даўно ўдзельнічаў у матчы, у якім лік на карысць тваёй каманды аказваўся такім буйным?

– З ходу не ўзгадаю. Пяць сапраўды было, а вось сем на клубным узроўні… Відаць, не. Калі выступаў за моладзевую зборную ў 2019 годзе, перамаглі Гібралтар – 10:0.

– Акрамя гала, у цябе дзве рэзультатыўныя перадачы – Антылеўскаму і Чарнавоку.

– Удала ўзаемадзейнічалі – ну і добра! Галоўнае выйгралі. Ідзем далей.

– У спрэчцы за бронзу не ўсё залежыць ад БАТЭ…

– Тым не менш наперадзе яшчэ два туры, у якіх усе каманды будуць змагацца і гуляць да канца. Вось і паглядзім, на што мы здольныя, – сказаў Падстрэлаў.