Усе навіны

Юрый Малееў: «Было непрыемна, калі прачытаў інтэрв'ю Пабегайла – характар трэба паказваць на футбольным полі, а не за яго межамі»

30 сакавіка, 21:20

Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі Юрый Малееў распавёў пра канфлікт з беларускай футбалісткай дацкай «Фартуны» Настассяй Пабегайла.

– У снежні Анастасія Пабегайла дала гучнае інтэрв'ю, у якім распавяла пра вашыя складаныя ўзаемаадносіны. Ёсць шанц на прымірэнне?

– Пачнем з таго, што я з ёй не сварыўся. Для мяне тое, што яна выказала, – гэта крыўда дзяўчынкі на жыццё ці нешта яшчэ.

Нехта кажа, што Анастасія – наш наймацнейшы легіянер. Я з гэтым меркаваннем катэгарычна не згодзен. І не згодзен з тым, хто лічыць яе наймацнейшым гульцом. Калі б так, яна, выступаючы за «Менск», вылучалася б у матчах супраць «Дынама», якія заўсёды носяць прынцыповы характар. Ды і ў гульнях за зборную складана ўспомніць яе рэзультатыўныя дзеянні.

Да таго ж яна ніколі не ўдзельнічала ў адборы мяча. Апраўдвалася нягеглай фразай: «Гэта Беларусь». Для мяне гэта не аргумэнт. Калі ты не ўдзельнічаеш у абарончых дзеяннях, то аўтаматычна не можаш прэтэндаваць на званне якаснай футбалісткі. З-за гэтага мінусу яна доўгі час прасядзела на лаўцы ў Даніі.

Я праз агента спрабаваў выклікаць Насту на зборы, але станоўчага адказу не атрымаў. Лічу, што свой характар трэба паказваць на футбольным полі, а не па-за яго межамі. Прызнаюся, спачатку мне было непрыемна, калі прачытаў яе інтэрв'ю. З іншага боку, усе ведаюць, што я ніколі не парушаў спартовую этыку? - сказаў Малееў.