Усе навіны

Хацкевіч пасля 0:4 ад «Катавіцы»: «Я не ведаю, які быў план на гульню, ён вызначаўся футбалістамі. Такое было першы і апошні раз»

2 красавіка, 12:23

Беларускі галоўны трэнер «Заглембэ» Саснавец Аляксандр Хацкевіч пасля матча чэмпіянату Польшчы сярод каманд Д2 супраць «Катавіцы» (0:4) распавёў, што не ведае, які быў план на гульню.

– Што б я сёння ні сказаў, гэта будзе ўспрынята як апраўданне. Пасля матчу з «Лехіяй» (0:4) у мінулым туры мы дамовіліся з камандай, што не толькі я адказваю за вынік.

Пасля таго, як на ўстаноўцы быў аб'яўлены стартавы склад, вызначаны мной, футбалісты самі вызначылі тактыку на гульню. Я не ведаю, які быў план на гульню, ён вызначаўся камандай за зачыненымі дзвярыма.

Футбалісты мусяць зразумець, што яны таксама нясуць адказнасць за сваю гульню і за вынік. Гэта быў першы і апошні раз, калі футбалісты самі вызначалі тактыку на гульню.

Сказаў камандзе, што я не матэматык, але пакуль ёсць шанцы, я буду змагацца. Калі нехта з іх здаўся, то заўтра ўжо трэба не прыходзіць на трэніроўку.

У гэтым клубе створаны выдатныя ўмовы для каманды. Тут цудоўныя балельшчыкі. Сёння пасля матча спытаў у футбалістаў, дзе і ў якой камандзе ёсць такія ўмовы для працы, як у нас. І шмат хто мне адказаў, што нават не ва ўсіх камандаў Д1 Польшчы ёсць такія ўмовы.

Хто галоўны ў камандзе? Нехта мне адкажа? А я вам скажу, што галоўныя ў камандзе – гэта ўсе футбалісты. Менавіта за гэтую гульню нясуць адказнасць футбалісты.

Да каманды ёсць вельмі цвёрдыя патрабаванні. Па арганізацыі, па павазе адно да аднаго. Але ў нас з хлопцамі няма ніякага канфлікту. Іншая справа, што ёсць пэўны ўзровень у кожнага футбаліста.

Ні за адно з апошніх узмацненняў мы не заплацілі ні капейкі. Ніхто не атрымліваў ніякіх агенцкіх, ніхто з навічкоў не атрымліваў ніякіх пад'ёмных. У кожнага футбаліста ёсць пэўны бонус за дасягненне выніку. Гэта павінна матываваць, – сказаў Хацкевіч.

«Заглембэ» займае апошняе месца ў чэмпіянаце Польшчы сярод каманд Д2.