Усе навіны

«Мінінфарм» Лукашэнкi ўхваліў трансляцыі Еўра-2024 без згоды УЕФА

24 красавіка, 11:25

«Міністэрства інфармацыі» Лукашэнкi ўнесла футбольны Еўра-2024 пад эгiдай УЕФА ў спіс трансляцый, якія ў Беларусі пры рэжыме можна праводзіць без дазволу праваўладальніка.

Паводле «пастановы» рэжымнага «кабміна», «мінінфарм» Лукашэнкi можа папаўняць гэты спіс, калі праваўладальнік з «замежнай дзяржавы, якая здзяйсняе недружалюбныя дзеянні», забараніў ці не дазволіў трансляцыю, аднак яна неабходная для «стварэння ўмоў для павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі», «развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства» або «забеспячэння доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзей сучаснага жыцця».

Еўра-2024, якое пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германii, стала другім пунктам у спісе «мінінфарма» на гэты год. Першым быў ЧС па пляжным футболе, які паказалі на дзяржТБ без дазволу ФІФА, якая валодала правамі на трансляцыі.

Нагадаем, у дачыненні да Белтэлерадыёкампаніі дзейнічаюць санкцыі шэрагу краін, абумоўленыя працягваемай Расіяй з 24 лютага 2022 года вайной ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як санкцыі ўвяла Швейцарыя, у чыёй юрысдыкцыі зарэгістраваныя ФІФА і УЕФА, арганізацыі перасталі даваць БТРК правы на трансляцыі сваіх турніраў.