Усе навіны

Галкіпер БАТЭ Скапец: «Негатыўны факт, што мы прапускаем у кожнай гульні»

4 траўня, 12:27
1

Галкіпер БАТЭ Арсеній Скапец падвёў вынікі матча супраць «Іслачы» (1:1) у 7-м туры ЧБ.

– Крыўдная для нас нічыя: павялі ў ліку, мелі шанцы падвоіць перавагу... Не сказаў бы, што супернік стварыў шмат момантаў. У першым тайме іх увогуле не ўзгадаю, у другім было парачку. І гол, які мы атрымалі ў свае вароты ў выніку індывідуальных памылак.

З кожным згуляным матчам дадаю ва ўпэўненасці. Дзякуй трэнерскаму штабу, што давяраюць.

– Гульня ў моладзевай зборнай супраць грэкаў надала ўпэўненасці ў сваіх сілах?

– Адназначна так. Лягчэй было дэбютаваць за БАТЭ супраць «Тарпеда-БелАЗ», ужо правёўшы матч з Грэцыяй. У першую чаргу ў псіхалагічным плане: было значна прасцей, што ў тым матчы я адчуў на сабе дарослы футбол.

– Ведаў, што матчам з «Іслаччу» «Барысаў-Арэна» святкавала дзесяцігоддзе, а фанацкі рух – свае 27?

– Усе ведалі. Гэта была для нас дадатковая матывацыя. Вельмі хацелі перамагчы. У трэнерскага штаба прэтэнзій да нас у раздзявальні не было. Жаданне, рух – усё гэта было. Стваралі моманты... Дзесьці нам не шанцуе пакуль.

– Ці адрознівалася гульня з «Іслаччу» ад папярэдніх у чэмпіянаце?

– Можа быць і так. «Барысаў-Арэна» – гэта той стадыён, які прымушае гуляць з падвойнай матывацыяй. Сёння і балельшчыкаў прыйшло больш.

– Чаго пакуль не хапае камандзе, каб забіраць тры ачкі?

– Складана сказаць. Можа быць, нейкага фарту, можа, стрыманасці ў завяршальнай стадыі. Моманты ёсць. Горш, калі іх няма. Але пакуль ня можам іх рэалізаваць.

Для мяне ж негатыўны факт, што мы прапускаем у кожнай гульні. Час ужо згуляць на нуль. Тады будзе лягчэй.

– Ацані эпізод з прапушчаным мячом. Што не атрымалася ў гэтым моманце?

– Трэба прааналізаваць. Паўтор пакуль не глядзеў. Памятаю, што пайшла падача: Саша Мартынаў падаўжаў, хацеў згуляць на кутні. Не бачыў ці не ведаў, што там ёсць Саня Шасцюк. Я ўбачыў, што ён вывальваецца, пабег на яго, хацеў перакрыць максімальную прастору, але мяч праляцеў пад нагой. Шчыра кажучы, кур'ёзны гол здарыўся.

– Супернік нагружаў? Ціснуў на вароты?

– Лёгка мне не было ні з адным супернікам. Праца ёсць заўсёды. Нягледзячы на гэта, на мой погляд, мы былі бліжэй да перамогі.

Крывушэнка робіць вялікую працу для нас. Здымае з нас ціск, які прысутнічае. У першую чаргу з-за выніку. І кіраўніцтва, і трэнерскі штаб імкнуцца зняць з нас яго, каб мы выходзілі на гульню разняволенымі.

БАТЭ – гэта вялікі клуб. Тут трэба выйграваць у кожным матчы, – сказаў Скапец.