Tribuna/Футбол/Блогі/Новы скандал з прэзідэнтам Федэрацыі футбола Іспаніі – пацалаваў чэмпiёнку ў вусны проста падчас узнагароджання

Новы скандал з прэзідэнтам Федэрацыі футбола Іспаніі – пацалаваў чэмпiёнку ў вусны проста падчас узнагароджання

«Нязначная праява прыхільнасці».

Аўтар — bytribuna com
21 жніўня, 16:03
Новы скандал з прэзідэнтам Федэрацыі футбола Іспаніі – пацалаваў чэмпiёнку ў вусны проста падчас узнагароджання

Іспанія святкуе – iх жаночая зборная па футболе ў нядзелю ўпершыню выйграла чэмпіянат свету, абыграўшы ў фінале Англію (1:0). Але ж ледзь не больш за саму перамогу абмяркоўваюць тое, як падчас цырымоніі ўзнагароджання новаспечаных чэмпіёнак паводзiў сабе прэзідэнт федэрацыі футбола Іспаніі Луіс Рубіялес. Асаблiва – як ён пацалаваў у вусны футбалiстку Джэні Эрмоса.

I гэта не ўсё – вось як Рубiялес «вiншаваў» iншых чэмпiёнак, Алексiю Путэльяс ды Айтану Банмацi.

Футбалістцы не спадабалася, але потым яна заявіла пра «ўзаемны жэст». Функцыянер проста назваў крытыкаў ідыётамі

Гэта справакавала хвалю крытыкі на адрас 45-гадовага функцыянера. Але для Рубіялеса пацалунак без атрыманай згоды, відавочна, не выглядае праблемай.

«Ідыёты ўсюды. Калі два чалавекі маюць нязначную праяву прыхільнасці, не варта зважаць на ідыятызм. Мы чэмпіёны, і гэта ўсё, што я хачу сказаць», – заявіў Луіс у каментары Radio Marca.

У інтэрв'ю іспанскай праграме El Partidazo Рубіялес выказаўся больш шырока. Але не змяніў сутнасці:

«Гэта пік [эмоцый] двух сяброў, якія святкавалі У гэтым няма нічога дрэннага. Калі ёсць прыдуркі, хай працягваюць свае глупства. Прапаную ігнараваць гэта і атрымліваць асалоду ад добрага. І не кажыце мне пра лузераў. Гэта бескарыснае марнаванне часу».

Эрмоса ж, якая правяла на ЧС усе сем паядынкаў (тры галы, два асісты), памяняла меркаванне на хаду. Адразу пасля матча ў прамой трансляцыі ў сваіх сацсетках Джэні сказала, што паводзіны Рубіялеса ёй не спадабаліся. У каментарыi для медыя заявіла:

Пізніше в спілкуванні з медіа вона прокоментувала ситуацію розгорнутіше: «Гэта быў эмацыйны момант, больш нічога. Я ўпэўненая, што гэта не атрымае развіцця і застанецца анекдотам».

Аднак пазней апублiкавалi афіцыйны зварот ад іспанскай федэрацыі – і там Эрмоса ўжо казала пра ўзаемнасць з Рубіялесам:

«Гэта быў абсалютна спантанны ўзаемны жэст з-за вялікай радасці ад перамогі на ЧС. У мяне выдатныя адносіны з прэзідэнтам, гэта быў натуральны жэст любовi, сяброўства і падзякі. Мы выйгралі чэмпіянат свету і не збіраемся адварочвацца ад таго, што сапраўды важна».

Рубіялес – скандальная персона: яго падазравалі ў карупцыі, ён звальняў Лапетэгі за два дні да ЧС

Луіс Рубіялес узначальвае іспанскую федэрацыю футбола з 2018 года. І ў першыя месяцы на пасадзе ён запомніўся рэзкім рашэннем. За два дні да старту ЧС-2018 федэрацыя спыніла супрацоўніцтва з галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Хуленам Лапетэгі з-за яго перамоваў з «Рэалам» на фоне падрыхтоўкі да турніру.

«Ёсць рэчы важнейшыя за спартыўныя вынікі. Гэта каштоўнасці і тое, як вы вядзеце справы», – тлумачыў тады звальненне Рубіялес.

Але такое кардынальнае рашэнне не параўнаць з іншымі скандаламі з удзелам Луіса. Найперш гаворка ідзе пра абвінавачванні ў карупцыі.

У мінулым годзе выданне El Mundo пісала, што справамі Рубіялеса зацікавілася антыкарупцыйная пракуратура. Быццам бы ў пачатку 2020 года ён на сродкі федэрацыі футбола аплачваў шале ў Гранадзе, якое выкарыстоўваў для асабістых мэт са сваім асяроддзем. На вечарынку тады прывялі 8-10 дзяўчат, чым займаўся былы футбаліст і сябар прэзідэнта Ненэ.

Акрамя таго, на федэрацыю прыходзіў рахунак за паслугі прыватных дэтэктываў, якіх у 2019 годзе Луіс наймаў для сачэння за прэзідэнтам Асацыяцыі іспанскіх гульцоў Давідам Аганзам.

У федэрацыі футбола Іспаніі адпрэчылі гэтыя абвінавачванні: «Ні адзін еўра не быў прысвечаны пытанням, якія не датычацца дзейнасці федэрацыі».

Што да жаночай зборнай, то Рубіялеса крытыкуюць таксама за падтрымку яе галоўнага трэнера Хорхе Вільды. Справа ў тым, што мінулай восенню адразу 15 футбалiстак адмовіліся гуляць за каманду пад яго кіраўніцтвам. Яны абвінавачвалі спецыяліста ў негатыўным уплыве на іх здароўе і эмацыйны стан. Аднак менавіта Вільда ў выніку прывёў Іспанію да гістарычнага золата ЧС.

Фота: Noe Llamas/Sport Press Photo/Zuma Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты