Усе навіны

Хакейны інвентар на суму больш за 180 тысяч рублёў затрыманы на мяжы Беларусі з Польшчай

29 снежня 2022, 08:55

Як паведамляюць мытныя органы Беларусі, у пункце пропуску «Казловічы» на мяжы Беларусі і Польшчы быў затрыманы інвентар для хакея коштам больш за 180 тысяч рублёў (крыху больш за 66 тысяч долараў). Па афіцыйнай інфармацыі грузавы аўтамабіль VOLVO пад кіраваннем польскага перавозчыка накіроўваўся з Балгарыі.

Па дакументах, прадстаўленых да афармлення, агульны кошт пальчатак, заплечнікаў, клюшак і абароны складаў каля 56 тыс. рублёў (крыху больш за 20 тысяч долараў). Але як паведамілі афіцыйныя крыніцы, пры правядзенні мытнага надгляду супрацоўнікамі мытні ўстаноўлена, што звесткі аб кошце інвентара з'яўляюцца несапраўднымі. Фактычная вартасць склала больш за 180 тыс. рублёў.

Брэсцкай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 3 арт. 15.5 КаАП Рэспублікі Беларусь (прадстаўленне недакладных звестак аб таварах). Пакаранне па дадзеным артыкуле – накладанне штрафу ў памеры да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.