Усе навіны

Дзмітрый Краўчанка: «Нейкі вірус у «Металургу». Павальна хакеісты хварэюць. Доктар разбярэцца»

12 красавіка 2023, 23:17

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся меркаваннем пра першы матчы фінальнай серыі Экстралігі з «Нёманам» (0:2).

– Сёння не паказалі тое, што хацелі. І не мелі такой магчымасці, бо супернік дзейнічаў хутка, перакрываў усе нашы хады. Адсюль і памылкі з'яўляліся, і гулялі скавана. Але гэта хакей. Сёння матч скончыўся, будзем рыхтавацца да наступнага.

Заўзятарам і нашым, і гродзенскім дзякуй – класна гуляць у такой атмасферы. Перад жлобінскімі ў нас даўжок цяпер.

– Ці адбілася тое, што ваша каманда страціла гульнявы тонус?

– Цяпер што заўгодна можна казаць. Сёння 12 красавіка, быў матч фіналу. Свята. Заўзятары двух гарадоў прыехалі, стварылі цудоўную атмасферу. А што нам перашкаджала, не перашкаджала – гэта мы ўжо самі ўнутры разбяромся і пагаворым. У дадзены момант няма пераможцы і прайграўшага. Усе ведаюць цудоўна, што 24 красавіка ўсё скончыцца. Ну дык і давайце жыць да гэтага часу, каму колькі належыць. А мы, трэнеры і каманды, будзем унутры нешта рабіць, камбінаваць. Я глабальна не засмучаны. Усялякае можа быць, розныя сітуацыі. Рыхтуемся да наступнага матчу.

– Арцём Волчанкаў не дайграў матч, Георгій Крышталь перакваліфікаваўся ў абаронцы. Што здарылася?

– Нейкі вірус у нас, павальна хакеісты хварэюць. Учора, пазаўчора, сёння вось проста з гульні пайшоў чалавек. Нібыта сонца ў Гродна прывезлі, а што яшчэ - не ведаю. Але ўсё нармальна, доктар разбярэцца!

– Ці ўбачым у плэй-оф Данііла Сатышвілі?

– Мы яго прывезлі, ён нават раскочваўся. Але сёння нават не мог прачнуцца. Паўтаруся, нешта адбылося, вунь з гульні людзі сыходзілі. Пабачым, што заўтра будзе. Пакуль прыхварэў.

– Усе білеты на першыя матчы фіналу прададзены і ў Гродне, і ў Жлобіне. Што скажаце на гэты конт?

– Наогул, заўзятарам хочацца пажадаць перажываць за свае каманды з душой, не злараднічаць. Гэта два спартыўныя калектывы, якія аддаюцца гульні. Ёсць напрацоўкі, нешта атрымліваецца, нешта не. Разумею, што розныя ёсць людзі, але бывае часам праходзіш і чуеш такое... Не самавіта гэта. Вось такая недасканаласць павінна сысці.

Мы ўсе людзі. Усе ходзяць у той жа тэатр, але не крычаць з ложы: вось ты такі-сякі. На гэтым хочацца зрабіць акцэнт: адносіны да спартсменаў, павагі. Ніхто спецыяльна не наносіць траўмы, ніхто не хоча прайграваць, усё ў агні, усе мужчыны вартыя фіналу і першага месца. Трэба паказваць свае моцныя бакі.

Сёння ў Гродне пайшла хваля, у нас таксама ў Жлобіне такое можна назіраць. Усе людзі перажываюць. Вось гэтае шчасце. Мы, спартыўныя калектывы, па сутнасці, прыносім відовішча. Хтосьці са слязамі радасці сыходзіць з трыбун, хтосьці са слязамі радасцi. Але калі глабальна ўзяць, то людзі ўсё роўна цешацца. Мы гэта і хочам прынесці – спартыўнае свята. І дорым яго двума калектывамі. А пераможа наймацнейшы.

Я за павагу да двух каманд. Не важна, у якім ты горадзе знаходзішся. Непавагі быць не павінна. Мы радуемся, мурашкі па целе бягуць, калі людзі хварэюць. Ім дзякуй за падтрымку. Давайце двума камандамі і ўсімі заўзятарамі рабіць свята, – сказаў Краўчанка.