Усе навіны

Віталь Пінчук: «Трэба больш актыўна на вароты лезці, тады і брудныя галы будуць прыходзіць»

12 лістапада, 23:59

Нападаючы мінскага «Дынама» Віталь Пінчук падвёў вынікі матча КХЛ супраць маскоўскага «Дынама» (1:2).

– Чаго сёння не хапіла, каб даціснуць, зраўняць?

– Моманта. Не так шмат у нас іх было за гульню. Імкнуліся трываць, але такая нязмушаная памылка на вяртанні. Недаглядзелі абаронцу, і там разабраліся з намі. Не хапіла гала, былі моманты «6 на 5». Бракуе вось гэтага бруднага голіка, які дапамог бы перавесці гульню ў авертайм.

– 30 кідкоў па варотах суперніка. Праблема ў рэалізацыі?

– Хутчэй, праблема ў тым, што трэба агрэсіўней ісці на вароты, атакаваць. Кідкі ў нас ёсць, але шмат кідкоў менавіта ад сіняй лініі. Трэба закрываць брамніка, тады будзе заходзіць. Мы і ў штангу патрапілі, калі брамніка закрывалі. Можна прамымі і 60, і 70 разоў кінуць, і брамнік будзе іх як семечкі лавіць. Таму трэба больш актыўна на вароты лезці, гуляць, і тады будуць брудныя галы прыходзіць.

– Чаму не атрымаўся пачатак у каманды? Шмат момантаў у масквічоў, але без момантаў для мінчан.

– Мусіць, яны свяжэй былі, у іх паўза была, у нас жа трэцяя гульня за чатыры дні. Таму, мусіць, яны першы тэмп узялі вышэй, чым мы. Таму так і атрымалася, што яны ініцыятыву забралі, а мы з другога перыяду сталі яе праяўляць, – сказаў Пінчук.