Усе навіны

Аляксандр Мацерухін: «Міжнародная паўза дакладна пайшла на карысць – хлопцы перадыхнулі, папрацавалі»

19 лістапада, 19:57

Галоўны трэнер «Магілёва» Аляксандр Мацерухін пракаментаваў перамогу над «Хімікам» (4:3) у матчы Экстралігі.

– Добра пачалі першы перыяд. У цэлым, добра згулялі, былі моманты, маглі забіваць больш, але, на жаль, не ўдалося. Другі згулялі горш. І трэці нядрэнна пачалі, але потым пасля забітага гола неяк крышку збавілі абароты. У суперніка было пару нядрэнных момантаў, і яны добра іх рэалізавалі.

Самае галоўнае, што пасля прапушчанага трэцяга гола не апусцілі рукі. Рабяты выйшлі і ў канцоўцы ўсё ж змаглі даціснуць, выйграць гэты матч. Я лічу, што яны заслугоўваюць гэтую перамогу, малайцы. Матч, вядома, атрымаўся для нас такі, валідольны, а для заўзятараў – цікавая гульня. У любым выпадку, хлопцы малойчыкі, перамаглі – гэта самае галоўнае.

Дзякуй вялікі защзятарам. Наш фан-сектар сёння як заўсёды быў шыкоўны, іх было чуваць. Вельмі прыемна, гэта радуе. Усіх з перамогай!

– Ці пайшла міжнародная паўза на карысць вашай камандзе? Матчы з «Шахцёрам» аказаліся правальнымі, але сёння на лёдзе была зусім іншая каманда. Ці так гэта?

– На жаль, у гэтым годзе з «Шахтай» у нас не атрымліваецца. Нязручны супернік для нас. Таму ці пайшла паўза на карысць, ці не – зараз цяжка сказаць.

Дзесьці паўза дакладна пайшла на карысць – хлопцы перадыхнулі, папрацавалі. Калі перамаглі сёння, значыць, адгадалі з усімі трэніроўкамі і з усім у цэлым. Галоўнае, каб яны працягвалі працаваць далей.

– Падчас паўзы адбыліся невялікія кадравыя змены. Пракаментуйце.

– Сёмачкін прыехаў, хаця мы яго яшчэ летам клікалі, але ён паехаў у Казахстан. Вярнуўся, патэлефанаваў. У яго добрыя дадзеныя, добры кідок, умее забіваць. Нам такі гулец патрэбен. Адзін момант – адзін гол, гэта тое, чаго нам не хапае, умення забіваць.

Нажаль, брамнікі, якія ў нас былі… нам цяжка было. Прыйшлося адправіць Шатайлу. Мы з ім пагаварылі, пытанняў да яго няма, але ў камандзе ў нашым выпадку брамнік павінен рабіць, як звычайна кажу, крыху больш. Таму, нажаль, мы з ім расталіся. І атрымаўся такі добры варыянт з Гафіуліным. Знайшлі агульную мову і падпісалі яго, – распавёў Мацерухін.