Усе навіны

Дзмітрый Квартальнаў: «Калі рэалізуеш моманты і выходзіш наперад, хакей зусім іншы»

7 студзеня, 17:28

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў падвёў вынікі пераможнага матчу КХЛ супраць «Тарпеда» (5:2).

– Усіх са святам! Сёння мы задаволеныя – закінулі пяць шайб. Усё ж такі не так часта гэта ў нас атрымліваецца. Згулялі пару нядрэнных перыядаў. На трэцюю дваццаціхвілінку выходзілі з запасам. У канцы была невялікая памылка, прапусцілі гол. Але ў цэлым дзейнічалі нядрэнна.

– Якое ключавое адрозненне было паміж сённяшнім матчам і сустрэчай з «Амурам»? Што карэктавалі паміж матчамі?

– У рэалізацыі! Там было шмат нерэалізаваных момантаў. Калі ты рэалізуеш моманты і выходзіш наперад – сітуацыя зусім іншая, хакей зусім іншы. Ты альбо адыгрываешся, вытрачаеш энергію, альбо кантралюеш гульню і вядзеш у ліку.

– Казалі раней, што вядучай задачай з'яўляецца закінуць першымі. Той факт, што мінскае «Дынама» закінула чатыры шайбы – гэта псіхалагічна дапамагала здабыць перамогу?

– Вядома, дапамагала! Яшчэ раз скажу, калі ты выходзіш на трэці перыяд і вядзеш у тры шайбы, ты пачуваешся больш камфортна. Але трэба не даць шанцу саперніку, быць больш сканцэнтраваным. У нас часам ёсць праблема з гэтым. Улічвалі, што «Тарпеда» гуляе агрэсіўна пасля ўкідвання. Сёння атрымалі непатрэбнае выдаленне ў другім перыядзе пасля гала. Трэба прытрымлівацца той сістэмы, пра якую мы гаворым.

– Як ацэньваеце гульню Рамана Гарбунова? У гэтым сезоне ён выходзіць на вядучыя ролі ў камандзе.

– Ён лідар нашай каманды, ключавы гулец. У яго шыкоўны ўзрост, ён можа рэалізоўваць свой патэнцыял.

– Данііл Ліпскі не выходзіў на лёд. Затое гуляў Сцяпан Звягін, прычым, пасля некаторых памылак працягваў выходзіць. Гэта давер з вашага боку?

– Хакей – гэта заўсёды гульня памылак! Выйграе той, хто менш памыляецца. Сцёпа атрымаў шанец, пакінулі яго ў гульні. Ліпскі рыхтуецца. Для яго ў гэтым сезоне ўсё так хутка адбылося, ён працуе. Будзе гатовы на наступную гульню.

– Пераможны склад не мяняюць. Танер Фрыц не гуляў з-за пытанняў з дакументамі. Як будзеце ўкліньваць легіянера ў склад на наступную гульню?

– Тое, што ён будзе гуляць – гэта факт. У нас ёсць час, каб абдумаць, як і дзе яго выкарыстоўваць. Ён будзе нашым ключавым гульцом, – сказаў Квартальнаў.