Усе навіны

Аляксандр Мацярухін: «Магілёў» забівае 5 на 5, а 5 на 4 – не можа. Не ведаю, з чым гэта звязана»

12 студзеня, 15:47

Галоўны трэнер «Магілёва» Аляксандр Мацерухін даў каментар пасля перамогі над «Нёманам» (4:2) у матчы Экстралігі.

– Хлопцы – малайцы! Добра правялі матч, своечасова закінулі свае шайбы. У адным голе недзе крыху пашанцавала. Тыя памылкі, якія мы звычайна дапускаем – сёння іх было менш. Хацелася б, каб большасць лепш працавала. Пакуль яна ў нас не на тым узроўні, на якім хацелася б. Пакуль закідваем 5 на 5, і гэта самае галоўнае. Разбяром памылкі, прааналізуем матч, і будзем рыхтавацца да наступнай гульні.

– Калі казаць пра большасць, як лічыце, з чым звязана, што ўжо другі матч каманда не можа закінуць пры колькаснай перавазе?

– Складана сказаць. Мы забіваем 5 на 5, а 5 на 4 – не можам. Не ведаю, з чым гэта звязана. Можа, трэба дачакацца пэўнага моманту, калі прарве. Мы працуем над гэтым, але выніку пакуль не бачым.

– Кур'ёзны гол Ягора Арбузава…

– Такія галы здараюцца. Нам пашанцавала ў гэтым моманце. Хацелася б, каб такая накіраванасць на вароты была ва ўсіх матчах. Закінуў, малайчына!

– Гэты матч нагадаў папярэднюю хатнюю гульню з «Юнацтвам». Тады таксама вялі ў ліку, канцоўка была напружаная. Не ёкнула?

– У мяне кожную гульню яно ёкае. Хутка сэрца спыніцца. У канцоўцы хлопцы, якія выходзяць на лёд, павінны дзейнічаць больш стрымана і прымаць правільныя рашэнні. Але тыя рашэнні, якія прымаем мы ў канцоўцы, прыводзяць да праблем. Сёння быў такі ж момант, калі маглі згуляць прасцей, але атрымалі гол. З гэтым складана нешта зрабіць. Але перамога ёсць перамога. Малайцы, што вытрымалі. Гэта самае галоўнае.

– Паслязаўтра – другі матч. Што трэба зрабіць, каб таксама дабіцца станоўчага выніку?

– Рабятам трэба добра адпачыць, набрацца сіл. Заўтра прааналізуем памылкі, паглядзім, што трэба палепшыць. І выходзіць трэба з баявым настроем. Упэўнены, што супернік у наступным матчы будзе нашмат мацнейшы і дужэйшы. Нам трэба выйсці яшчэ больш настроенымі, гатовымі і аддаць, не як сёння, 100 адсоткаў, а ўжо быць гатовымі на ўсе 200.

Вялікі дзякуй заўзятарам! Іх падтрымка нам вельмі важная. Рады, што змаглі іх парадаваць! – сказаў Мацерухін.