Усе навіны

Дзмітрый Квартальнаў: «Выдатна, што Энас набраў такую форму. Мы яго і запрашалі, каб ён гуляў і забіваў»

16 студзеня, 23:32

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў ацаніў гульню асобных хакеістаў у пераможным матчы КХЛ супраць «Куньлуня» (5:1).

– Задаволеныя перамогай. Добры трэці перыяд. Усё ж у двух першых была напружаная гульня. Гол Сацішвілі перавярнуў гульню. Выдатна, што гэта зрабіў малады беларускі гулец. Але цешыць сябе не варта. Заўтра новы матч з гэтым супернікам. Трэба якасна аднавіцца.

– Хет-трык Сэма Энаса. Для вас як трэнера – гэта паказчык, што рэзультатыўнасць наладзілася?

– Не трэба зараз з шапказакідальніцкім настроем. Усё ж такі не так часта дома закідвалі па пяць шайб. Цешыць, што забілі і ў роўных складах, і ў большасці, і ў меншасці. Хет-трык Энаса – гэта выдатна. Ён дапамагае камандзе. І ўвогуле гэтая лінія добра гуляе.

Сэму ў раздзявальні ўручылі капялюш лепшага гульца. Для яго – гэта нармальна. Ён сфарміраваны хакеіст. Энас умее гуляць і забіваць, для гэтага мы яго і запрашалі. Выдатна, што ён набраў такую форму. Пачатак сезона быў цяжкім, але гэта таксама нармальна, усё ж ён упершыню ў Еўропе.

– Вы сказалі пра гульню Сацішвілі. Ён часта бярэ гульню на сябе. Ліпскі, напрыклад, часта шукае перадачу, а не сам кідае. Магчыма, яму трэба больш нахабства, таксама браць гульню на сябе?

– Для Ліпскага ўсё складаецца нядрэнна. Яму трэба працягваць цярпець, працаваць. У яго былі моманты. І Сацішвілі сёння з трэцяй спробы закінуў, у двух першых перыядах былі шыкоўныя магчымасці. Яго гол перавярнуў ход гульні. Пасля гэтага нам стала прасцей.

Яны – маладыя хакеісты. Для Ліпскага ўсё вельмі хутка склалася. Яму і іншым хлопцам трэба шмат працаваць, каб стаць паўнапраўнымі гульцамі асноўнага складу мінскага «Дынама». Паслабляцца нельга. Будуць і правалы, і ўзлёты. Заўсёды трэба працягваць працаваць і паступова рухацца наперад.

– Выніковасць у гэтым матчы ўскладняе вяртанне Мёрклі і Кадолы ў асноўны склад?

– Не. Яны заўтра павінны згуляць.

– У Коласава было не так шмат працы. Гэта ўплывае на выбар брамніка на заўтрашні матч?

– Хацелі б, каб Фергюсан заўтра згуляў. Але ён захварэў. Заўтра прымем рашэнне, – сказаў Квартальнаў.