Усе навіны

Аляксандр Мацерухін: «Памылкі – біч «Магілёва». Гульцы ці не жадаюць гэтага разумець, ці такі ўзровень майстэрства»

18 студзеня, 08:52

Галоўны трэнер «Магілёва» Аляксандр Мацерухін падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Гомелем» (2:7).

– Добра правялі першы перыяд, у другім пачалі рабіць тыя памылкі, якія мы ўвесь час дапускаем. Паказваем на відэа хакеістам, што так нельга рабіць, так нельга гуляць, але, на жаль, пакуль што гульцы ў нас не таго ўзроўню, каб гэта ўсвядоміць.

Яны могуць гэта выканаць у нейкім з перыядаў, але ўсё роўна ў нейкі момант яны абавязкова зробяць так, як мы іх не просім. Калі ў другім перыядзе пайшлі галы, асобныя гульцы, яны ведаюць, пра каго я, пачалі рабіць усё па-іншаму, пасля гэтых момантаў і пайшлі шайбы, вось і ўсё.

– У каманды яшчэ захоўваюцца шанцы на плэй-ін, гэта неяк падганяе гульцоў?

– Так, мы б'емся за трапленне ў плэй-ін, яго ніхто не адмяняў, каманда гэта, я спадзяюся, выдатна разумее. Паўтаруся, што з-за тых памылак, якія мы дапускаем практычна ў кожным матчы, цяжка перамагаць, калі даводзіцца адыгрывацца супраць такой добрай, моцнай каманды.

Пакуль, на жаль, гэтыя памылкі – біч нашай каманды. Гульцы ці не жадаюць гэтага разумець, ці такі ўзровень гульнявога мыслення, узровень майстэрства самога хакеіста, дзесьці яны гэта разумеюць, але потым з'яўляюцца нейкія дзіцячыя памылкі, якія прыводзяць да такіх галоў, – сказаў Мацерухін.