Усе навіны

Сяргей Стась: «Гомель» зробіць свае высновы, ёсць час падрыхтавацца да плэй-оф»

27 лютага, 11:15

Галоўны трэнер «Гомеля» Сяргей Стась расказаў пра вынікі матча Экстралігі супраць «Віцебска» (4:5).

– Добра пачалі, прычым пачалі дысцыплінавана, усё рабілі, як дамаўляліся, па плане, быў добры тэмп, выконвалі ўсё трапна. Пасля некаторыя людзі залішне паверылі ў сябе і гэтыя індывідуальныя моманты пачалі шкодзіць камандзе. Самае галоўнае, што праявілі характар, гулялі да канца, была магчымасць закінуць, але там нейкім цудам шайба ці то ў візар патрапіла, ці яшчэ кудысьці. Адкрыта правалілі другі перыяд, неабавязковыя галы з кідкоў прапусцілі. Чацвёртая тройка праваліла матч, там у хлопцаў па «-3», «-4», калі гэта прыбраць, то быццам бы і нічога. Далі згуляць хлопцам перад плэй-оф, каб тыя, хто даўно не гуляў, адчулі хакей. Зробім свае высновы, ёсць час падрыхтавацца. Найважнейшае, што ў канцы праявілі характар.

– Сяргей Леанідавіч, як ацэніце дзеянні брамнікаў у сённяшнім матчы?

– Я не хачу ацэньваць. Ёсць трэнер па брамніках, няхай ён ацэньвае. Я не буду брацца за гэта, гэта такая справа. Хай прафесіяналы ці вы ацэніце дзеянні варатароў, я больш сканцэнтраваны на гульні каманды, на змесце. Вядома, заўсёды хочацца лепш, але былі і добрыя матчы, калі хлопцы гулялі «на нуль», значыць, сёння недзе мы ім не дапамаглі. Казаць, што хрэнова зусім брамнік згуляў – я так не скажу. У нас два аднолькавыя брамнікі. Я думаю, найважнейшы матч у нас наперадзе, не трэба зацыклівацца. Ну і ў першую чаргу давайце не будзем забывацца, колькі гомельскіх хлопцаў гуляе ў камандзе, 14 хлопцаў, 14 хакеістаў з Гомеля. Мы стараемся трымаць гэтую планку, каб больш сваіх хлопцаў гуляла. Але тут, канешне, легіянеры павінны падтрымліваць і задаваць тон, не заўсёды гэта ў іх атрымліваецца.

– Сяргей Леанідавіч, а вы на «Нёман» рыхтуеце нейкія асаблівыя хітрасці? Можа быць, гэта быў пэўны тактычны ход, каб не раскрываць і не паказваць сапернікам нешта?

– Я скажу так: усё гэта глупства. Ужо даказана, што, калі супернік нават і ведае, чаго чакаць ад каманды, то ўсе такія моманты могуць праходзіць, але толькі пры ўмове, што ўсё гэта робіцца правільна і дакладна, калі тэхніка дазваляе так зрабіць. А калі тэхніка некаторым гульцам не дазваляе гэта выконваць, то тут ужо, вядома, больш складана.

– Пытанне абодвум трэнерам: калі ацэньваць выступленне каманд у рэгулярным чэмпіянаце па пяцібальнай сістэме, якую ацэнку паставіце сваім калектывам?

– Ну, а я скажу, што на сем, – сказаў Стась.