Усе навіны

Дзмітрый Краўчанка: «Жлобін – завадскі горад, у якім жывуць працавітыя людзі. Усе вераць, падтрымліваюць і любяць сваю каманду»

12 сакавіка, 22:34

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Юнацтвам» (3:1).

– Едзем дадому не з пустымі кішэнямі – гэта радуе. Сёння аддаліся гульні – гульня нам аддзячыла. Вытрывалі.

– Як стан Косці Лукіна?

– Ударыў галаву. Трэба глядзець момант і прымаць правільныя рашэнні. Выразныя і справядлівыя. Успамінаю 2010-2012 гады – тады правільных рашэнняў складана было дамагчыся. Цяпер у мяне дэжавю невялікае.

– У чым прынцыповае адрозненне сённяшняй гульні ад папярэдняй?

– Матч на матч не прыходзіцца. Кожная гульня – новае жыццё. За 60 хвілін сустрэчы кожны чалавек перажывае розныя эмоцыі: слёзы, злосць, боль, радасць, нянавісць, расчараванне, задавальненне. Нідзе такога ў звычайным жыцці няма. Спартсмены жывуць гэтым драйвам. Я люблю хакей менавіта за гэтыя эмоцыі.

– Чакаеце такую ж падтрымку дома, як і на выездзе?

– У нас завадскі горад, у якім жывуць працавітыя людзі. Веру, што наш глядач у вялікай колькасці прыйдзе падтрымаць сваю каманду. На выездзе яны нам вельмі памаглі.

На трыбунах была яшчэ адна нашая каманда. Любы іх крык зліваецца разам і з агульным рытмам гульні. Узрастае канцэнтрацыя гульцоў. Зараджанасць і энергія перадаюцца хакеістам. У чалавека ёсць сэрца. А ў нашага горада гэтае сэрца вельмі вялікае – і гэта не залежыць ад канчатковага выніку. Усе вераць, падтрымліваюць і любяць сваю каманду, – сказаў Краўчанка.