У матчы супраць ЦСКА ў Вудкрафта моцна падгарэла: аблаяў суддзю – падарыў суперніку пераможную шайбу, а пасля назваў пытанне журналіста дурным
It sucks, completely sucks.
19 снежня мінскае «Дынама» саступіла ЦСКА ў КХЛ 1:5. Магчыма, гэта параза магла не адбыцца (ва ўсякім разе, не з такім лікам), каб не галоўны трэнер «зуброў» Крэйг Вудкрафт.
Пасля першых двух перыядаў каманды гулялі ўнічыю 1:1, але ў трэцяй 20-хвілінцы ЦСКА закінуў ажно чатыры шайбы. А пачалося ўсё... з выдалення Вудкрафта! На пачатку трэцяга перыяда ён атрымаў дзве хвіліны штрафа за абразу суддзі – праз гэта «Дынама» засталося ўтрох, а супернік рэалізаваў колькасную перавагу.
Мяркуючы па відэа, канадзец сказаў арбітру «F### off, прыдурак» («Заткніся, прыдурак», – калі перакладаць з англійскай мякка, але можна і нецэнзурны варыянт, які на літаратурнай мове гучыць так: «Адчапіся ад мяне, прыдурак!»).
Пасля гульні Вудкрафт не супакоіўся – на прэс-канферэнцыі ён назваў пытанне журналіста пра капітанства Раяна Спунера дурным:
– З капітанскай нашыўкай выйшаў Раян Спунер. Наколькі ён даў рады сваімі абавязкамі?
– Дурное пытанне. Адказваць не буду.
Пасля паразы ад ЦСКА мінскае «Дынама» з 42 пунктамі займае 8-е месца (самы ўскрайчык зоны плэй-оф) ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
Сompletely sucks дзень для Крэйга Вудкрафта.