Tribuna/Хакей/Блогі/Трэнер, з якім беларусы абгулялі шведаў, славіцца сваімі «балонамі»: пачаў карыстаць у мінскім «Дынама» (Захараў запомніў), Авечкін ад іх ледзьве не памёр

Трэнер, з якім беларусы абгулялі шведаў, славіцца сваімі «балонамі»: пачаў карыстаць у мінскім «Дынама» (Захараў запомніў), Авечкін ад іх ледзьве не памёр

Тлумачым, што гэта такое.

Аўтар — bytribuna com
7 красавіка 2023, 12:49
Трэнер, з якім беларусы абгулялі шведаў, славіцца сваімі «балонамі»: пачаў карыстаць у мінскім «Дынама» (Захараў запомніў), Авечкін ад іх ледзьве не памёр

Расійскі хакейны трэнер Уладзімір Крыкуноў, якому праз пару тыдняў споўніцца 73, у сезоне 2021/22 трэнаваў рыжскае "Дынама" - яно ішло на апошнім месцы Заходняй канферэнцыі ў "рэгулярцы" КХЛ, якая ў студзені 2022-га была перапыненая праз пандэмію. А ў канцы зімы клуб выйшаў з лігі - у адказ на пачатак вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі і пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Так Крыкуноў застаўся без працы, аднак казаў, што плануе працягнуць яе ў якім-небудзь іншым месцы.

У рэальнасці за год з таго часу трэнер не вярнуўся да звыклай дзейнасці. А ў свежым інтэрв'ю паведаміў, што "напэўна, ужо закрыў" сваю трэнерскую кар'еру. «Проста гляджу хакей, таму што, лічыце, я 63 гады ў хакеі - куды без яго? Кар'ера была добрай. З прыстойнымі клубамі папрацаваў, са зборнымі», - сказаў Крыкуноў.

А пачыналася трэнерства Крыкунова ў мінскім «Дынама», куды ён прыехаў у 32 гады яшчэ гульцом, потым быў трэнерам, а ў 1985-м скончыў сам выходзіць на лёд у 35 і ўзначаліў каманду. У 1988-м праз трэцяе месца заходняй зоны Д2 і пераходны турнір Крыкуноў змог вывесці "Дынама" ў эліту чэмпіянату СССР, дзе каманда ў сезоне-1988/89 здолела ўтрымацца з дапамогай таго ж пераходнага турніру, а ў сезоне-1989/90 заняла ўжо годнае 9-е месца. У сезоне-1990/91 каманда стала апошняй у "рэгулярцы" і шостай у пераходным турніры, што азначала вылет. У апошні момант Д1 на сезон-1991/92 (дагульвалі яго ўжо як чэмпіянат СНД) пашырылі, і «Дынама» засталося, але сышоў адтуль Крыкуноў. Як казаў сам, "настаў такі момант, калі ці ты ўжо напрацаваўся з камандай, ці каманда стамілася ад працы з табой".

У Мінску Крыкуноў упершыню скарыстаў практыкаванне, якое стала потым яго кароннай фішкай - "балоны". "Тры хакеісты становяцца каленкамі на гумовую аўтапакрышку, а адзін, як бурлак, цягне яе на вяроўцы праз усю пляцоўку", - апісвалі практыкаванне ў "Прэсболе". Зрэшты, колькасць чалавек залежала ад памеру «балона» (гэта значыць самой шыны) – вось як гэтае практыкаванне з уцяжарваннем выглядала ў крыкуноўскім маскоўскім «Дынама» у 2020-м.

У свежым інтэрв'ю Крыкуноў чарговы раз узгадаў, як нарадзілася гэтая ідэя.

- Я пачаў амалоджваць [мінскае «Дынама»], узяў шмат [маладых] хлопцаў. Але яны былі слабенькімі. Трэба было падрыхтаваць у першую чаргу ногі, каб гулец мог рухацца, каб была сіла ў нагах. Вось у той момант я і пачаў укараняць [«балоны»]. Мы неяк рабілі іх у [трэнаваў Крыкунова ў рыжскім «Дынама» у 1970-х Віктара] Ціханава, але ў яго яны маленькія былі. Клалі туды адзін ці два «бліны» - дык ты іх і не адчуваеш. А потым мы вырашылі, што трэба паспрабаваць гэтае практыкаванне ў пары: адзін цягне - адзін сядзіць. Гляджу - ужо цяжка. Вось [гульцы мінскага «Дынама»] у мяне і цягалі. Часам па тры чалавекі за сабой цягнулі. А тамака яшчэ само кола важыла пад 100 кг, калі не больш. Хлапцоў падрыхтаваў - і праз год выйшаў з імі ў вышэйшую лігу. Здолелі замацавацца на некалькі гадоў, - распавёў Крыкуноў.

Гульцы "Дынама" таго часу таксама не раз успаміналі легендарнае практыкаванне. Міхаіл Захараў, які ў той камандзе лічыўся ўжо дасведчаным гульцом, напрыклад, у сярэдзіне 2010-х казаў: «Цяперашнім хакеістам чэмпіянату Беларусі складана было б перанесці нагрузкі Крыкунова. Тыя ж балоны цягалі. Любы мог працягнуць балон ад МАЗа з трыма хакеістамі. Сёння ніводзін не працягне».

Пасля «Дынама» Крыкуноў працаваў у Славеніі і Расіі, а ў 2001-м узначаліў зборную Беларусі - пад АГ-2002. Як гаварыў гулец алімпійскай каманды Аляксандр Журык, на зборах перад Солт-Лэйк-Сіці трэнер "балоны" не практыкаваў - а потым, ужо ў ЗША, скардзіўся на праблемы гульцоў з "фізікай". Беларуская каманда, якая да Крыкунова вылецела з элітнага дывізіёна ЧС, на тых Гульнях была складзена шмат у чым з некалі маладых гульцоў крыкуноўскага ж "Дынама", у выніку чаго стала самай узроставай зборнай на турніры. Яна з рыпаннем прайшла ў топ-8, там прайграла тры першыя матчы, прычым два з іх - па 1:8, і павінна была скончыць у чвэрцьфінале са Швецыяй, але, як вядома, здарыўся цуд і чацвёртае месца. «Гэта збег абставінаў і формулы розыгрышу. Хлопцы сабраліся на адзін матч, і ім пашанцавала», – шчыра казаў Крыкуноў. Праўда, у свежым інтэрв'ю заявіў, што цяперашняй зборнай Беларусі "да такога выніку яшчэ дарасці трэба".

Неўзабаве пасля АГ Крыкуноў са зборнай выйграў сваю групу ЧС у Д2, вярнуўшы каманду ў эліту, праўда, зрабіў гэта своеасабліва - сам быў на зборах з камандай Расіі (памочнікам Барыса Міхайлава), але даваў указанні па тэлефоне сваім "беларускім" памочнікам. У 2003-м на ЧС у эліце Крыкуноў ужо павёз каманду сам - але яна вылецела, а гульцы скардзіліся на фанабэрыстасць трэнера, з якім ледзь не пабіўся ветэран Уладзімір Цыплакоў. А адказ на пытанне журналістаў, ці не перагрузіў трэнер гульцоў, Крыкуноў аргументаваў якраз адсутнасцю «балонаў»: «Людзі самі перагарэлі, пачалі ныць, загналі сябе ў псіхалагічны крызіс. У Мінску быў вялікі аб'ём [нагрузкі], але нічога звышнатуральнага. Ніякіх колаў. У Палацы спорту, я паглядзеў, ляжаць мае колы, нават вяроўкі захаваліся, аднак я ж імі не карыстаўся».

Праз нездавальняючы вынік Крыкуноў каманду пакінуў - каб далей працаваць у Расіі і крыху ў Казахстане. У прыватнасці, у маскоўскім «Дынама» перад сваім ад'ездам у НХЛ з «балонамі» пазнаёміўся Аляксандр Авечкін - цяпер заснавальнік Putin Team і другі гулец па колькасці шайбаў у гісторыі рэгулярных сезонаў НХЛ, які гоніцца за вялікім нашчадкам ураджэнцаў Беларусі Уэйнам Грэцкі. «Чыста крыкуноўскае вынаходства, больш нідзе не сустракаў. Калі ўпершыню з гэтым сутыкнуўся, ледзь не памёр, шчыра кажучы», - прызнаваўся цяперашні аднаклубнік Аляксея Протаса.

У верасні 2014-га Крыкуноў вярнуўся ў зборную Беларусі - за месяц да свайго сыходу з пасады кіраўніка ФХБ Яўген Ворсін узгадніў з трэнерам кантракт на два гады (з магчымасцю падаўжэння яшчэ на два) і заробкам у 200 тысяч еўра за сезон у 10 месяцаў. Трэнер, дарэчы, думаў, што пасля Беларусі "напэўна, больш не будзе трэнаваць", настроіўшыся на "добрае завяршэнне кар'еры". А ветэран той зборнай Аляксей Калюжны пасля прызначэння Крыкунова пажартаваў наконт ягоных метадах фізпадрыхтоўкі: «Ужо сказаў нашым зборнікам: «Калі хочаце паехаць на чэмпіянат свету, сезон «Дынама» ў КХЛ трэба працягваць як мага даўжэй, каб кэмп зборнай быў карацейшы. Калі хочаце выжыць».

Вось толькі ў другі заход Крыкунова ўсё пайшло не па плане. У пачатку лістапада склад, амаль цалкам сабраны з гульцоў Экстралігі, ганебна прайграў тры матчы Еўрачэленджа - Аўстрыі, Славеніі і, што асабліва зачапіла заўзятараў, Японіі. А праз некалькі дзён пасля гэтага Крыкунова пачалі настойліва клікаць у добра знаёмы яму «Нафтахімік», дзе ён значыўся нават віцэ-прэзідэнтам, - каманда ў пачатку сезона-2014/15 звалілася на дно табліцы КХЛ (пад кіраўніцтвам, дарэчы, экс-галоўнага трэнера беларускай зборнай Кары Хейкілі). Новаму кіраўніку ФХБ Ігару Рачкоўскаму варыянт сумяшчэння наогул не спадабаўся - і тады Крыкуноў сказаў, што з ім паступаюць непрыгожа, і растаўся з Беларуссю, пасля чаго вяртаўся ў яе як трэнер толькі з гасцявымі камандамі.

"Нафтахімік" жа ў тым сезоне ў выніку ўсяго на восем ачкоў адстаў ад зоны плэй-оф. Ратаваў клуб Крыкуноў праверанымі метадамі: неўзабаве пасля вяртання было выкладзена відэа, на якім хакеісты каманды за суткі да матчу бегаюць з тымі самымі "балонамі". «А гэта адзінае выйсце, каб хоць неяк падцягнуць фізічны стан. Мы, дарэчы, пасля іх нядрэнна гулялі, пункты набіралі. Я вам увогуле таямніцу адкрыю адну. Можна балоны і на ранішнім раскочванні выкарыстоўваць. Першыя два перыяды каманда будзе лятаць па лёдзе. Але ў трэцім наступіць правал», - тады падзяліўся трэнер.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты